Улады даручылі Акадэміі навук зменшыць ахоўныя межы для чырванакніжных відаў


Зменшыць ахоўныя межы для чырванакніжных відаў птушак, інсектаў і раслінаў. Гэткае даручэнне беларускі ўрад скіраваў у Нацыянальную акадэмію навук. Навошта гэта патрэбна і чым пагражае?

У змешаных лясах звычайна селіцца вераб’іны сыч – гэта самая маленькая беларуская сава з Чырвонай кнігі. На сёння заканадаўства забараняе праводзіць высяканні ў радыусе 200 метраў ад такога гнязда. Але Міністэрства прыроды прапануе зменшыць гэтыя межы ў два разы.

Такія змены закрануць і іншыя чырванакніжныя віды – пугача, чорнага бусла, шмат якія віды кулікоў, а таксама вялікіх драпежных птушак, вельмі чуллівых да прысутнасці людзей побач з гнёздамі.

«Калі ў радыусе 200 метраў будуць рубіць, будзе ехаць трактар пераліваць дрэвы, ну, гэта нонсэнс, каб птушка сядзела і наседжвала кладку. Не, канечне, яна кіне гняздо. А 500 метраў – гэта ўжо істотная адлегласць», – кажа Валер Дамброўскі, старэйшы навуковы супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах Акадэміі навук.

Папраўкі ў кодэкс усталяванай практыкі трапілі два дні таму ў Навукова-практычны цэнтр біярэсурсаў Акадэміі навук ды вельмі занепакоілі навукоўцаў і грамадскіх актывістаў. Бо шмат якія чырванакніжныя віды амаль зніклі з Беларусі. Як, напрыклад, сіваграк ці беркут.

«Ён вельмі, вельмі рэдкі, у Беларусі засталася толькі адна пара, і проста няма сэнсу абмяжоўваць гэтыя радыусы, калі гаворка пра адзіную пару, якая засталася ў Беларусі. А жыве ён на астравах, цяжкадаступных для леснікоў», – кажа Валеры.

Змены закрануць і чырванакніжных сысуноў – зубра, рысь, мядзведзя і барсука. Паводле справаздачы Міністэрства лясной гаспадаркі, у Беларусі засталося толькі 26 мядзведзяў. Паводле звестак таго ж ведамства, яшчэ два гады таму іх было амаль утрая болей.

«Дазваляецца паляванне падчас размнажэння ў рысяў, падчас зімовай спячкі ў мядзведзяў. Таксама знаходжанне там з сабакамі, наколькі я ведаю, такіх месцаў можна на пальцах пералічыць», – кажа дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.

Грамадскія актывісты і навукоўцы спадзяюцца паўплываць на змены ды хочуць запрапанаваць уладам правесці грамадскае абмеркаванне. Бо, паводле 13-га артыкулу закону «Аб жывёльным свеце», дзяржаўныя органы мусяць спрыяць удзелу грамадзянаў у развязанні пытанняў, звязаных з аховаю жывёльнага свету.

Наста Кахановіч, belsat.eu

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum