Улады дачакаліся. Заўтра падскочаць камунальныя тарыфы для так званых «дармаедаў»


«Няправільныя» грамадзяне заплоцяць за камунальныя паслугі больш. З заўтра ўлады пачнуць спаганяць поўную аплату падагрэву вады з гэтак званых незанятых у эканоміцы ўласнікаў жытла. Людзей без працы чыноўнікі яшчэ называюць дармаедамі. Наколькі павышаюцца тарыфы і як абараніць сябе ад дадатковых пабораў, распавядзе Аляксандр Папко.

«Гэта ўсё абсурд, мы вырашылі з змагацца з гэтым абсурдам».

Такія эмоцыі выклікаюць сумнавядомыя «антыдармаедскія дэкрэты». Падатак на беспрацоўных – скасаваны, затое ёсць павышаная аплата камунальных паслуг. Колькі людзей заплоцяць больш – невядома, але ў базу незанятых у эканоміцы занесеныя 425 тысячаў чалавек.

Як ратавацца ад чорных спісаў? Гомельцы спрабавалі даведацца на сустрэчы з прадстаўнікамі прафсаюзу РЭП і праваабаронцамі. Эканаміст Мікалай Новікаў:

«Самы просты для ўлады варыянт – гэта падзяліць грамадзянаў на правільных і няправільных і сказаць, што ў сваіх праблемах яны вінаватыя самі».

З сакавіка гэтыя «няправільныя» людзі павінныя плаціць за гарачую ваду паводле поўнага тарыфу. Здавалася б, павышэнне не такое вялікае – на 20 рублёў для «незанятай» сям‘і з трох чалавек. Але ўвосень улады ў пяць разоў павысяць аплату за ацяпленне. Замест 12 рублёў за стандартную двухпакаёўку прыйдзецца плаціць 60.

На думку некаторых праваабаронцаў, «антыдармаедскі дэкрэт» пярэчыць канстытуцыі ды падвешвае дамоклаў меч над сотнямі тысяч грамадзянаў.

«Можа, увядуць платную медыцыну. Беларуская ўлада ж кажа, што мы за цывілізаваным светам не пойдзем – можа, увядуць праязны незанятага. Усялякае можа быць, і што будзе – мы не ведаем!» – мяркуе праваабаронца Леанід Судаленка.

Звестка пра ўнясенне ў «базу дармаедаў» – стрэс для кожнай сям’і. Не аднойчы ў спіс памылкова траплялі працаўладкаваныя, пенсіянеры, шматдзетныя маці, не кажучы ўжо пра тых, хто працуе за мяжою.

«Мне проста хочацца ў вочы паглядзець тым людзям. Мы кажам: камісія, камісія, а гэта ж канкрэтныя фізічныя асобы, якія маюць свае твары, свае прозвішчы ды імёны», – кажа кіроўца ў адной з краінаў ЕЗ Дзмітрый.

Афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у нашай краіне – усяго 14 тысячаў чалавек. А вось запісаных у дармаеды – у 30 разоў больш. Замест таго, каб ствараць новыя месцы працы і даць людзям прыстойную дапамогу на беспрацоўе, улады спаганяюць грошы з тых, хто вымушаны працаваць нефармальна.

«Гомель – гэта горад шабашкі, гастарбайтэраў, фасадчыкаў. Гэта культура наша! І я жыў у гэтай культуры. Усё жыццё шабашыў, дармаедзіў. А цяпер – я не ведаю, куды ісці працаваць! Цяпер мне 59 гадоў!» – гаворыць сезонны рабочы Аляксей.

Сацыяльнай справядлівасці дэкрэт не аднаўляе і шукаць працу не матывуе – перакананыя апытаныя намі гомельцы.

«У нас у краіне не столькі многа працоўных месцаў, каб усе маглі ўладкавацца. Наколькі я ведаю, у нас людзі нават пры вялікім жаданні не могуць знайсці працу».

«У нас нават працоўныя не зарабляюць столькі, каб можна было зарабіць на камуналку».

«У мяне сын працуе даўно ў Італіі – 11 гадоў ужо. Дык ён прыслаў паперу. Ён прапісаны, але не жыве ў мяне – значыць патрэбныя спецыяльныя паперы. А тое, што я плачу за вываз смецця, за ліфт, нягледзячы на тое, што ён не жыве, – гэта нікога не хвалюе», – абураюцца жыхары Гомля.

Некаторыя з тых, каго закрануў «антыдармаедскі дэкрэт», лічаць, што мэта яго – не эканамічная, а палітычная.

«Сёння ты або падтрымліваеш уладу і працуеш на «Гомсельмашы» за трыста долараў – прабачце, трыста рублёў, – або заўтра мы выганяем цябе з працы, называем дармаедам, павышаем табе камуналку. Ты не можаш плаціць, і мы выкідаем цябе з жылога памяшкання. Усё!» – гаворыць кіроўца Дзмітрый.

Калі вы беспрацоўны і вам прыйшоў «ліст шчасця», выхад, на думку праваабаронцаў, толькі адзін: звяртацца ў незалежныя прафсаюзы ды падаваць на чыноўнікаў у суд.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum