Улады Беларусі пазбавілі акрэдытацы каля двух дзясяткаў журналістаў


Масавыя акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія 20 дзён доўжацца ў Беларусі і тут – на плошчы Незалежнасці ў Менску, – больш не змогуць асвятляць каля двух дзясяткаў журналістаў буйных міжнародных інфармацыйных кампаніяў: улады Беларусі пазбавілі іх акрэдытацыі ды права працаваць на тэрыторыі краіны.

Гэтак, сваіх карэспандэнтаў у Беларусі страцілі восем сусветна вядомых медыякампаніяў: Бі-Бі-Сі, «Ройтэрз» (Reuters), «Асоўшыейтэд Прэс» (Associated Press) ды іншыя. Ануляванне акрэдытацыяў і забарона на працу незалежным журналістам адбылася ў часе няспынных вулічных пратэстаў у краіне. Вось што кажуць жыхары Менску.

«Няма свабоды слова ў нашай краіне – іншага тлумачэння ў мяне няма. Таму, што так лягчэй кіраваць людзьмі, якія слухаюць толькі аднаго чалавека».

«Страшна. Яму страшна за ягоныя ўсе дзеянні».

«Увогуле колькі краін ёсць у свеце, дзе захопліваюць журналістаў? Я думаю, што такіх людзей няшмат і мы – адна з іх».

«Праўды баяцца ўлады, вось і ўсё. Спрабуюць схаваць яе ад людзей. І паколькі журналіст – гэта голас народу, асабліва калі гэта незалежныя журналісты. Адпаведна, патрэбна заглушыць гэты голас».

Напярэдадні ў Менску былі затрыманыя каля 50 беларускіх і замежных журналістаў: супраць чатырох – у тым ліку карэспандэнтаў «Белсату» – распачаліся суды. Журналістаў – грамадзянаў іншых краінаў дэпартавалі з тэрыторыі Беларусі, а астатнім забаранілі працаваць. Цяперашні ціск на незалежную журналістыку адмысловец называе беспрэцэдэнтным.

«Затрыманні журналістаў, гвалт працягваецца, адсутнасць інтэрнэту цягам некалькіх дзён, блакіроўка сайтаў у першыя дні пасля выбараў і зараз: учора два сайты былі заблакаваныя, адмова ў выдаванні акрэдытацыі, а таксама яе ануляванне для карэспандэнтаў, якія ў краіне працуюць, забарона на выхад і распаўсюд незалежных газет. Улада сур’ёзна занялася інфармацыйным полем і вырашае пытанне адзіным вядомым ёй спосабам – не пушчаць і забараняць» кажа старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.

Шэраг буйных медыякарпарацыяў свету выступілі з заявамі, у якіх асуджаюць дзеянні ўладаў, што прыгнятаюць незалежную журналістыку ў Беларусі. У нядзелю ў Менску мае адбыцца новая масавая акцыя пратэсту.

Галіна Абакунчык, «Белсат»