Улады атакуюць кнігавыдаўцоў


Інфармацыі пра затрыманні прыходзяць бясконца. Гэтак сёння затрымалі вядомага актывіста Змітра Дашкевіча – пра гэта паведаміла ягоная жонка Наста Дашкевіч. Падобна ўладам перашкаджаюць ужо ўсе! І тыя, хто ўдзельнічае ў пратэстах, і тыя, хто проста выказваецца супраць палітыкі гвалту. Перашкаджае і культура. Сёння атакавалі выдаўцоў беларускіх кніг. На допыце ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў пабывалі Андрэй Янушкевіч і Алесь Яўдаха. Працягне Анастасія Русецкая.

Не пачытаць кнігі, а зладзіць ператрус завіталі сёння супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў у выдавецтва «Янушкевіч» – адно з асноўных на рынку беларускай літаратуры. Забралі камп’ютар, ноўтбукі, флэшку, знешні дыск, а выдаўца Андрэя Янушкевіча звезлі на допыт.

«З чым гэта звязана, мне цяжка сказаць. Таму што можа быць усё што заўгодна. Зараз такія часы, што можна прыдумаць нават. І не абавязкова прыдумляць – проста забіраць дастаткова», – гаворыць Сяргей Макарэвіч з выдавецтва «Янушкевіч».

Затрымлівалі сёння і Алеся Яўдаху – кнігараспаўсюдніка, уладальніка адной з найстарэйшых інтэрнэт-крамаў беларускай літаратуры «Кнігі-бі-ўай». Міліцыянты прыйшлі да яго дахаты, забралі ноўтбук, тэлефон і частку кніг, а самога адвезлі ў ДФР. Пасля допыту з падпіскай пра неразгалошванне Алеся адпусцілі. Ад каментара ён адмовіўся.

Сілавікі пераследуюць Алеся не ўпершыню. У 2017-м кнігар быў адным з фігурантаў «справы «Белага легіёну», якую завялі пасля заявы Лукашэнкі пра выяўленыя «лагеры баевікоў». Следства рассыпалася.

У судзе Ленінскага раёну Менску сёння прагучаў вырак у крымінальнай справе, распачатай пасля акцыяў пратэсту ў жніўні. Палітвязню Арцёму Мядзведскаму за дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак, прысудзілі тры гады гэтак званай хіміі – абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У зале суда яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

«Я раней не цікавіўся палітыкай, але калі мяне пасадзілі на Акрэсціна, а пасля трох сутак на Валадарку, дзе я тры месяцы прасядзеў, я трохі пачаў цікавіцца. І правільна зрабіў. Чыніцца беззаконне ў нас» – кажа Арцём Мядзведскі.

Суддзя Таццяна Шоцік абвінаваціла Арцёма ў тым, што ўвечары 10 жніўня ён удзельнічаў у акцыі пратэсту каля станцыі метро «Пушкінская», выкаціў на дарогу камень, што прывяло да блакавання праезнай часткі. Вырак Мядзведскі збіраецца абскарджваць.

«Выйшлі людзі выказаць сваё меркаванне мірна. І адзін камень у сістэму – і адказ тры гады працаваць на гэтую сістэму?» – абураецца сябар Арцёма Мядзведскага Максім.

«У сапраўднасці віны няма. Адвакат абвергла ўсё цалкам, даказала дакументамі, іх запісамі. Але ідзе пагалоўнае судзейства. Не правасуддзе, а псеўдасуддзе ідзе», – гаворыць маці Арцёма Наталля Мядзведская.

Паводле таго ж 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу і за тыя ж жнівеньскія падзеі абвінавацілі сёння і палітвязня Арцёма Хвашчэўскага. Вырак – адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Справу разглядала суддзя Фрунзенскага раёну Менску Юлія Блізнюк.

А Кастрычніцкі суд сталіцы на два гады пазбаўлення волі асудзіў былога рэжысёра Белтэлерадыёкампаніі Вячаслава Ламаносава.

Суддзя Алена Жывіца абвінаваціла яго ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 25 кастрычніка і збіцці тэлеапеатара дзяржаўнага тэлебачання.Па-ранейшаму змагаюцца ўлады і з інтэрнэт-рэсурсамі. Міністэрства ўнутраных справаў паведаміла пра затрыманне адміністратара тэлеграм-чату «Сухарево-97» і каналу «Сухарево News». Па звестках праваабаронцаў гэта Іван Бандарэнка.

«Віну прызнаю і хачу сказаць, што тэлеграм-каналы не зʼяўляюцца канфідэнцыяльнымі крыніцамі інфармацыі», – кажа затрыманы на відэа, запісаным міліцыяй.

Таксама напярэдадні ўжо чацвёрты раз затрымалі доктара Руслана Бадамшына.

Тры папярэднія затрыманні сумарна выліліся для яго ў месяц арышту.

Анастасія Русецкая Белсат