Аб'ектыў 27.02.2019 Улады адказалі рэпрэсіямі на акцыю ў Менску


Да адных ламіліся ў дзверы, іншых – затрымлівалі на выхадзе з дому. Як вынік – ноч і далейшае ўтрыманне ў ізалятары на Акрэсціна. Патрабавалі свабоду для іншых, свабоды пазбавілі іх самых. Удзельнікаў акцыі салідарнасці на Кастрычніцкай плошчы Арцёма Чарняка і Вольгу Мікалайчык затрымалі яшчэ ўчора.

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД, распавядае:

«На іх таксама былі здзейсненыя напады сілавымі структурамі Беларусі. Іх скралі фактычна. І толькі праз некалькі гадзінаў іхныя сваякі даведаліся, што яны на Акрэсціна. Тое ж самае адбылося з Паўлам Севярынцам».

Сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, як і анархістаў Насту Гусеву ды Змітра Паліенку, затрымалі прэвентыўна, яны так і не змаглі прыйсці на акцыю. Вольга Севярынец, жонка палітыка, кажа:

«Сёння раніцай ягонай матулі сказалі, што яго могуць па нейкіх правілах трымаць 72 гадзіны. І вось мы ўжо бачым, што прайшоў час працы суда, яго пакуль што не прывозілі».

Сваякі ды паплечнікі чакалі Паўла Севярынца ў судзе Фрунзенскага раёну Менску ўвесь працоўны дзень. Іх перанакіроўвалі з кабінету ў кабінет, але палітыка сёння ў суд гэтак і не прывезлі.

Між тым сёння затрымалі яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі салідарнасці – Леаніда Кулакова.

«Яго забралі з дому, прыходзілі некалькі разоў, пагражалі выбіць дзверы, і ён адкрыў», – сведчыць актывістка Мая Наумава.

Каб вымусіць Леаніда Кулакова пакінуць кватэру, міліцыянты адключылі ў памяшканні электрычнасць. Усё, каб прыцягнуць актывіста «Еўрапейскай Беларусі» да адміністратыўнай адказнасці.

«Вядома, улада баіцца. Тут яшчэ і Еўрапейскія гульні будуць. Шмат будзе замежнікаў, замежных медыяў. І, вядома, ім не патрэбна, каб была такая агалоска, што катуюць людзей», – каментуе сітуацыю старшыня Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч.

У выніку сёння не асудзілі нікога. Вольга Мікалайчык, Павел Севярынец і Арцём Чарняк застаюцца ў ізалятары на Акрэсціна. Лёс Насты Гусевай і Змітра Паліенкі з таго часу, як іх даставілі ў Заводскае РУУС застаецца невядомы. Як і лёс Леаніда Кулакова, забранага ў Першамайскае РУУС.

«Людзі будуць выходзіць. Бо цярпець гэтае бязладдзе пастаянна нельга. Чалавек мае разумець – далей толькі горш», – кажа актывістка Мая Наумава.

Актывісты засцерагаюць, ціск на палітычна актыўных людзей і далейшае закручванне гаек толькі падымае градус напругі ў грамадстве.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары