«Калі пераможа той, за каго я прыйшла галасаваць, я на 100 % вярнуся ва Украіну»


39 кандыдатаў у бюлетэнях даўжынёю з метр, больш за 33 тысячы выбарчых участкаў ды каля 30 мільёнаў зарэгістраваных выбарнікаў па ўсёй краіне. Сёння Украіна абірала прэзідэнта. Дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка прыйшоў на галасаванне разам са сваёй сям’ёю.

Пятро Парашэнка: «Гэта ключавы момант, мы перакрочылі новы рубікон: Украіна больш не вернецца ні ў СССР, ні ў Расейскую імперыю. Я абсалютна ўпэўнены, што сёння Украіна пераможа».

Апроч Пятра Парашэнкі, у пяцёрку лідараў на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне трапілі старшыня партыі «Грамадзянская пазіцыя» Анатолій Грыцэнка, заснавальнік «Апазіцыйнай платформы – За жыццё» Юрый Бойка, лідарка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка і шоўмен Уладзімір Зяленскі. Зорка серыялу «Слуга народу», паводле сацыялагічных апытанняў, апошнія месяцы перад галасаваннем займаў першую пазіцыю ў рэйтынгах.

Уладзімір Зяленскі: «Пачынаецца новае жыццё. Жыццё без карупцыі, хабараў. Жыццё ў новай краіне – краіне мрояў. Мы думаем, што ўсё будзе добра, што мы пераможам, але вырашаюць усё адно ўкраінцы».

Для былой прэм’еркі Украіны гэтая электаральная гонка ўжо трэцяя ды, паводле большасці назіральнікаў, хутчэй за ўсё – апошняя.

Юлія Цімашэнка: «Украіна перавяла гадзіннікі наперад на веснавы час. І я веру, што мы таксама робім крок наперад. Да паспяховай, квітнеючай, еўрапейскай Украіны».

Галасаванне стартавала а восьмай раніцы і скончылася а 20-ай увечары. Адным з першых прагаласаваў мэр Кіева Віталь Клічко, які прыехаў на выбарчы ўчастак на ровары.

Не абышлося без інцыдэнтаў – на адзін з участкаў у Чарнігаўскай вобласці выбарнік прынёс каністру з запальнаю вадкасцю ды паспрабаваў падпаліць урны. А ў гатэлі «Украіна» ў Кіеве праваахоўнікі шукалі выбухоўку – у выніку эвакуявалі амаль 150 асобаў.

Выбарнікі, Кіеў:

«Дзяржаўная палітыка мае доўгатэрміновы перыяд рэалізацыі. І таму гэтыя еўрапейскія каштоўнасці, гэтыя памкненні мусяць быць працягнутыя».

«Я чакаю, вядома, пераменаў. І я галасую за будучыню сваіх унукаў».

Вы галасуйце, а мы прыкрыем! Абіралі прэзідэнта і на перадавой – дзеля гэтага сёння працавалі 79 спецыяльных выбарчых участкаў у Данецкай і Луганскай вобласцях. Свой выбар зрабілі і 680 тысяч грамадзянаў Украіны, якія жывуць за мяжою. У тым ліку ў Беларусі.

Аксана Урублеўская, старшыня выбарчай камісіі, Менск: «Да нас дабіраліся аўтобусам цягам шасці гадзінаў толькі для таго, каб мець магчымасць прагаласаваць».

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім: «Сапсаваць нашыя адносіны нашыя выбары не могуць пры любым раскладзе. А расклад мы ведаем – ён будзе пазітыўным».

Украінскія выбарнікі ў Менску:

«Калі пераможа той, за каго я прыйшла галасаваць, я на 100 % вярнуся ва Украіну».

«За Зяленскага аддалі свой голас. – Чаму? – Бо зямляк наш, з аднаго гораду».

«Я думаю, што да ўлады прыйдзе чалавек, які навядзе парадак».

Аднак канчатковы выбар украінцы зробяць толькі 21 красавіка, калі адбудзецца другі тур: каб перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах, кандыдат мусіць набраць абсалютную большасць галасоў – а гэта, як мінімум, 50 адсоткаў падтрымання плюс 1 голас. Афіцыйныя ж вынікі першага туру выбараў ЦВК краіны агалосіць цягам 10 дзён.

Віталь Бабін, «Белсат»