Украіна перажыла без расейскага газу


Каардынацыя працы паміж мясцовымі чыноўнікамі і Укртрансгазам дазволіла скараціць спажыванне блакітнага паліва ў сярэднім на 14 %. А суседняя Польшча тэрмінова нарасціла пастаўкі ў 6 разоў. У Кіеве кажуць, што досвед мінулых газавых войнаў з Расеяй не прайшоў дарэмна.

Паводле прэм’ера Уладзіміра Гройсмана, Украіна навучылася «якасна аналізаваць сітуацыю і прымаць неабходныя захады».

Што праўда, газ з Польшчы абыходзіцца украінцам даражэй, але ў Кіеве кажуць, што абавяжуць Газпрам заплаціць за розніцу ў кошце.

«Кантракты з «Газпрамам» не прадугледжвалі права да іх развязання ў аднабаковым парадку. А таму я проста ўпэўнены, што спыненне паставак – гэта прастое нежаданне расейскага боку выконваць дамову. Нафтагаз будзе звяртацца ў арбітраж па дадатковую кампенсацыю», – заявіў Пятро Парашэнка.

Нягледзячы на часовыя цяжкасці, Украіна нават здолела выйсці з гэтай сітуацыі іміджавым пераможцам. Кіеў не пачаў, як гэта было ў 2009, выцягваць з транзітнае трубы газ, які ідзе на Еўропу. А здольнасць хутка рэагаваць на падобныя выклікі дакладна дадасць і пунктаў у вачах выбарцаў.

«Транзіту газу нічога не пагражае. Украіна чарговы раз давяла свой статус надзейнага пастаўшчыка», – дадаў Парашэнка.

Рашэнне «Газпраму» разарваць усе дамовы з Украінай Беларусь ніяк не закрануць. Нават, калі б Масква цалкам спыніла транзіт газу праз Украіну, Менск на гэтым нічога б не прыдбаў.

«Беларусь не зарабіла б на гэтым наўпрост, бо мы і так ужо транзітуем максімальную колькасць газу, якую дазваляе магутнасць нашай газатранспартавай сістэмы», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Ёсць і другая прычына, чаму Менск не здольны манеўраваць на газавым рынку, згодна з кан’юктурай.

«Газпрам» па-сутнасці валодае ўсімі газапровадамі ў Беларусі, Лукашэнка зрабіў тое, што зрабіў. Гэта шкодна нашым нацыянальным інтарэсам, ён прадаў усё Расеі», – нагадвае палітолаг Алесь Лагвінец.

Газавы канфлікт паміж Расеяй і Украінай пачаўся 28 лютага. Украінскі «Нафтагаз» выйграў суд у расейскага «Газпраму» ў Стакгольмскім арбітражным судзе. На наступны дзень расейскі газавы манапаліст адмовіўся ад паставак паліва ва Украіну, ды абвесціў аб аднабаковым разрыве ўсіх ранейшых кантрактаў.

Ігар Кулей; фота – Глеб Гараніч/Reuters