Украіна перадала Данбасу беркутаўцаў, якіх вінавацілі ў расстрэле Майдану


Сёння на Данбасе абменьваліся палоннымі. Кіеў перадаў дзясяткі чалавек, у тым ліку байцоў «Беркута», якіх вінавацілі ў расстрэле Майдану. Самаабвешчаныя сепаратысцкія рэспублікі, у сваю чаргу, адпусцілі захопленых вайскоўцаў. Сцяпан Святлоў – пра тое, што прынёс гэты няроўны абмен Украіне ды як ставяцца да яго па абодва бакі барыкадаў.

На часовым пункце пропуску «Маёрск», што на лініі размежавання ў Данбасе, сёння было людна нават як для часу пераднавагодняе мітусні. Кіеў і сепаратысты Данбасу абменьваліся палоннымі. 87 на 55 – не зусім роўны, але дакладна доўгачаканы абмен.

Формулу «87 на 55», як і канчатковыя спісы на абмен, агучылі ў самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспубліцы». Але, як стала вядома сёння, каля 20-ці чалавек вяртацца да сепаратыстаў адмовіліся і засталіся ва Украіне.

Пра абмен кіраўнікі Расеі ды Украіны дамовіліся 9 снежня ў Парыжы на сустрэчы Нармандскай групы. Узгадніць спісы атрымалася толькі 23 снежня, а дату абмену назвалі толькі напярэдадні.

Абурэнне ва ўкраінскіх актывістаў выклікаў удзел у абмене байцоў «Беркута», якіх падазравалі ў расстрэле Майдану ў 2014 годзе. Пасля рашэння кіеўскага суда аб іхным вызваленні каля ізалятару пабудавалі барыкады з лавак ды сметнікаў, каб не даць вывезці адтуль былых сілавікоў.

Вайскоўцы самаабвешчанай ДНР падчас абмену палоннымі каля вёскі Горлаўка ў Данецкай вобласці. Фота – Аляксандр Рэкун / Russian Look / Forum

Апошні абмен палоннымі паміж сепаратыстамі ды Кіевам быў роўна два гады таму – Украіна абмяняла больш за дзве сотні затрыманых на 73 асобы.

7 верасня сёлета адбыўся абмен паміж Расеяй і Украінай адбыўся: тады, між іншага, вызвалілі палітвязня Алега Сянцова.

Узброены канфлікт на ўсходзе Украіны доўжыцца з 2014 года. Незалежнасць прарасейскіх квазідзяржаўных утварэнняў ДНР і ЛНР прызнала толькі Паўднёвая Асеція. Кіеў і Захад абвінавачваюць Маскву ў палітычным і ваенным падтрыманні сепаратыстаў. Крэмль раздае жыхарам ДНР і ЛНР расейскія пашпарты ды выступае пасярэднікам на перамовах сепаратыстаў з уладамі Украіны.

Матэрыял Сцяпана Святлова глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 снежня