Украіна не стане давяраць вайсковаму хаўрусніку свайго ворага


Сустрэча прэзідэнта Украіны і кіраўніка Беларусі ў Гомлі прайшла ў цёплай, сяброўскай атмасферы. Аднак ці можа сябра майго ворага быць маім сябрам? Пра што дамаўляліся ды гэтак і не дамовіліся Пятро Парашэнка і Аляксандр Лукашэнка?

«Гомель нічым не адрозніваецца ад цудоўных украінскіх гарадоў».

Гэтак Аляксандр Лукашэнка павітаў прэзідэнта Украіны на форуме рэгіёнаў дзвюх краінаў. Развіццё эканамічнай супрацы стала галоўнай тэмай сустрэчы. Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка адказаў:

«Неабходна аднавіць зборку збожжаўборачных камбайнаў «Гамсельмаш», ліфтавага абсталявання ў Вышгарадзе, тралейбусаў МАЗ у Дняпры і шмат якіх іншых прадпрыемстваў».

Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з Пятром Парашэнкам рэгулярна, хоць і не так часта, як са сваім расейскім хаўруснікам.

Летась у ліпені Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка паабяцалі развіваць супрацу ў нафтагазавай сферы, дазволіць грамадзянам Беларусі і Украіны заставацца на тэрыторыі краінаў на роўных умовах, арганізаваць супольныя гуманітарныя канвоі на Данбас, а таксама правесці рэгіянальны форум. Праз год рэалізавалі ўласна толькі апошняе.

«Нейкіх надзвычай прынцыповых палітычных ці эканамічных фактараў, якія замінаюць супрацы, – няма. Але ёсць вельмі непрыемны і сур’ёзны фактар вонкавай бяспекі і вонкавай палітыкі», – тлумачыць сітуацыю Андрэй Елісееў з даследчага цэнтру «EAST».

Менск чакае ад супрацы з Кіевам жывых грошай. Прыбыткі ад нафтапрадуктаў, якія Беларусь прадае на Захад, істотна ўпалі і Украіна зрабілася другім паводле важнасці гандлёвым партнёрам Менску. Пасля пачатку вайны на ўсходзе Украіны Менск удвая павялічыў пастаўкі цяжкавікоў і рухавікоў. Другі галоўны інтарэс кіраўніцтва Беларусі – статус міратворцы. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Ні еўрапейцы, ні амерыканцы, ні хто-небудзь іншы – гэта мы мусім вырашыць гэтую праблему. Каб яна не была замарожаная, паводле прыкладу іншых некалі гарачых кропак на постсавецкай прасторы».

Я цалкам давяраю Лукашэнку – заявіў украінскі прэзідэнт у Гомлі. На практыцы такі давер азначае гатовасць развіваць эканамічную супрацу з Менскам. Але залішне спадзявацца на Менск у сферы замежнай палітыкі і бяспекі Кіеў не будзе.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM