Аб'ектыў 14.03.2019 Украіна можа прадаць Беларусі частку нафтаправоду


Пакупніком выступае фірма, афіляваная з адміністрацыяй Лукашэнкі, а прадаўцом – кампанія, звязаная з кумам Уладзіміра Пуціна Віктарам Медведчуком.

Антыманапольны камітэт Украіны разгледзіць заяўку беларускага Нафтабітумнага заводу на набыццё больш як пяцідзесяці адсоткаў акцыяў кампаніі «ПрикарпатЗападтранс», што эксплуатуе ўкраінскі адцінак нафтапрадуктаправоду «Самара – Заходні кірунак».

Намінальны ўладальнік трубаправоду – швейцарская фірма International Trading Partners AG. Паводле медыяў, яе ўласнік – грамадзянін Нямеччыны Анатолій Шэфер – уваходзіць у атачэнне гэтак званага кума Пуціна Віктара Медведчука.

«Украіна не ў стане задаволіць сваёй патрэбы ў нафтапрадуктах. Для Беларусі ўкраінскі рынак – ласы кавалак. Тры гады таму доля беларускіх паліўных тавараў ва ўкраінскім імпарце складала 55 адсоткаў. Цяпер Расея адваёўвае страчаныя пазіцыі», – кажа Генадзій Рабцаў, эксперт у энергетычнай сферы, Кіеў.

«Натуральна, што Беларусь хоча вярнуць сабе згубленую частку рынку, і яна за гэта будзе змагацца. Асноўны канкурэнт на ўкраінскім рынку – РФ, як бы ўкраінскія ўлады ні сцвярджалі, што расейскай нафты ва Украіне няма. Таму беларусы з украінскага рынку паспрабуюць выбіць структуры Медведчука, то бок расейскіх пастаўляльнікаў».

Набыць украінскую частку нафтарправоду «Самара – Заходні кірунак» – стратэгічна важна для Менску. Лукашэнка сёлета прынамсі двойчы сустракаўся з Віктарам Медведчуком.

«Сама па сабе інфраструктура вялікага значэння не мае. Эксперты ўпэўненыя, што па трубаправодзе можа запампоўвацца толькі расейскае паліва, і любы з яго ўладальнікаў будзе арыентаваны на працу з расейскімі ж кампаніямі», – тлумачыць Генадзій Рабцаў.

Сяргей Куюн, эксперт у энергетычнай сферы, Кіеў:

«Якога роду гэтыя дамоўленасці, якія гарантыі… фактычна відавочна».

Раней Нафтабітумны завод прэтэндаваў на куплю дзяржаўнага пакету акцыяў «Центрэнерго», якая валодае трыма ЦЭС, але прыватызацыі летась у снежні не адбылося: украінскі Фонд дзяржмаёмасці знайшоў ва ўгодзе расейскі след.

Дзяніс Шпігаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары