Удзельнікі форуму прадпрымальнікаў у Менску: Мы хочам працаваць, а не хадзіць па судах


Вынікі 2018 года падсумоўваюць сёння на форуме рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва», які праходзіць у Менску. Якія ж праблемы турбуюць беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў і як яны бачаць сваю будучыню ў Беларусі?

Настрой у нас не навагодні – менавіта так пачаў свой выступ кіраўнік «Перспектывы» Анатоль Шумчанка. Адсутнасць святочнай атмасферы звязаная як з чаканнямі новых рэгуляцыйных захадаў з боку Мытнага саюзу і ўладаў Беларусі, гэтак і з агульнай эканамічнай сітуацыяй у краіне. Пакупніцкая здольнасць насельніцтва зніжаецца і асаблівага прасвету не відаць. Ірына Палонік, індывідуальная прадпрымальніца:

«Магчыма, клапоцяцца пра буйны бізнес, троху перажываюць за сярэдні. Але малы бізнес – гэта ізгой. Пакуль толькі ўсё больш і больш складана. Пра што мы і кажам – ён памірае. І памірае не з нейкіх аб’ектыўных прычынаў – сеткі з’явіліся, у людзей грошай менш, а памірае таму, што людзі стаміліся змагацца».

Гэта пацвярджае і статыстыка. Улады з года ў год паказваюць звесткі росту колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі. Аднак у той жа момант колькасць іх, занятых у рознічным гандлі, знізілася за апошнія сем гадоў амаль на 30 адсоткаў. А іхныя выплаты ў бюджэт упалі практычна ў тры разы!

Яшчэ адна праблема – Мытны саюз. Паводле экспертаў, ён працуе толькі ў аднабаковым парадку – беларускія прадпрымальнікі выконваюць усе патрабаванні закону пад жорсткім кантролем, пакуль у Расеі можна адкупіцца ад любых правяранняў і не мець ніякіх ліцэнзіяў. Адпаведна, інтэграцыя, пра якую так шмат размаўляюць, існуе толькі на паперы. Анатоль Шумчанка, кіраўнік РГА «Перспектыва»:

«У 2014 годзе мы казалі аб такім стаўленні расяянаў да нас, беларусаў, прадпрымальнікам, калі мы прасілі ў іх дакументы і нам адказвалі, што мы з беларусамі не працуем увогуле, гэта не нашыя праблемы. Мы тады казалі ўладам, што рана ці позна вы сутыкняцеся з гэтым і адчуеце на сабе гэтыя няроўныя ўмовы».

Мы хочам працаваць у прававым полі, а не хадзіць па судах. Гэты мэсідж ад беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў стаў асноўным падчас форуму. Аднак, паводле арганізатараў форуму, улады Беларусі на ўсе прапановы дробнага бізнесу адказваюць фармальнымі адпіскамі ды толькі пагаршэннем умоваў для працы.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu