Аб'ектыў 12.11.2018 У заказніку «Лебядзіны» незаконна будуюць рэстарацыю


Замест спартовых пляцовак – новыя катэджы, замест сяміпавярховых – дзевяціпавярховыя дамы. Да таго ж – забудова ў ахоўнай прыбярэжнай зоне. Гэтак змяняецца праект жыллёвага комплексу, які будуецца кампаніяй «Тапас» у заказніку «Лебядзіны». З такімі драпежніцкімі тэмпамі хутка ў «Лебядзіным» знойдзеш хіба што вось такіх лебедзяў.

Чатыры гады таму ўчастак зямлі побач з заказнікам «Лебядзіны» ля Менску кампаніі «Тапас» для будаўніцтва шматфункцыйнага комплексу перадаў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік краіны таксама даручыў Паўлу Беламу – уладальніку і кіраўніку «Тапасу», добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол става Лебядзіны. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Трэба зрабіць так, каб было відаць, што гэтае возера спрадвечнае, але ў той жа час зверху або збоку акультуранае. І другое – калі будзе там пабудавана нешта, гэта не мае быць занадта высокае, каб не перагрузіць гэтай часткі. І трэцяе – сацыяльны аб’ект, пажадана спартовы».

Калі дакладна паглядзець на карту і план Менску, то заўважна, што тэрыторыя, прызначаная пад будаўніцтва, ад 2014 года была істотна павялічаная і падышла да ляснога масіву. Цяпер жа з’явіліся фотаздымкі, на якіх відаць, што рэстарацыя, якая ёсць у плане, будуецца практычна ля самога става Лебядзіны – у ахоўнай прыбярэжнай зоне, дзе будаўніцтва катэгарычна забароненае.

«Гэта не той аб‘ект, дзе можна было б пайсці ў нейкую самаволку і без дазволу ўладаў пачаць на тэрыторыі заказніка, у водаахоўнай зоне ўнікальнага прыроднага аб’екту пачаць узводзіць нейкі аб‘ект. Таму я цалкам дапускаю, што ўсе ў курсе», – каментуе Віктар Янчурэвіч, каардынатар ініцыятыву «Экаград».

Таксама на гэтай тэрыторыі забараняецца ўзводзіць пабудовы вышынёй больш за сем паверхаў. А «Тапас» будуе дзевяціпавярховік. За такія парушэнні беларускім заканадаўствам прадугледжаны толькі штраф – у эквіваленце да тысячы двухсот долараў ЗША. Даход жа ад продажу надбудаванай жыллёвай плошчы эксперты ацэньваюць прыблізна на паўтара мільёна долараў. Больш за тое, усе планаваныя спартовыя пляцоўкі забудоўнікі замянілі на катэджы.

«Можа весціся будаўніцтва ўвогуле без зацверджанага праекту дэталёвай планіроўкі. А пасля ўжо пад той аб‘ект будзе распрацоўвацца праект дэталёвай планіроўкі. А падчас рэалізацыі праекту ўносіць змены і дапаўненні ў праектна-каштарысную дакументацыю – гэта абсалютна нармальны працэс», – кажа Віктар Янчурэвіч, каардынатар ініцыятыву «Экаград».

Паводле экспертаў, пры такім лаяльным для забудоўнікаў заканадаўстве яны часта проста не звяртаюць увагі на неадпаведнасці і парушэнні, бо фактычна не нясуць ніякай сур’ёзнай адказнасці. У самім «Тапасе» ніяк не каментуюць сваіх дзеянняў, а на афіцыйныя запыты адказваюць толькі, што «у дадзены момант праект забудовы праходзіць карэкціроўку».

«Няма ў нас планаў кіравання тэрыторыямі заказніка «Лебядзіны». Ён павінен быў быць распрацаваны ў 14-м годзе, былі зробленыя прапановы з боку шэрагу грамадскіх арганізацыяў прыродаахоўных – АПБ, «Багна», іншых. Але гэты план не быў прыняты», – распавядае Ігар Корзун, актывіст ГК «Гарадскі ляснічы».

Адпаведна, пад пагрозай можа быць не проста частка Лебядзінага, а ўвесь заказнік агулам, які прытуліў некаторыя віды рэдкіх птушак. Аднак паляўнічых на прыбытак пад заканадаўчым дахам такія дэталі, відаць, не цікавяць.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары