У вяскоўцаў Лагойшчыны зноў забіраюць лес


«Кожнае дрэўца знаецца. А цяпер… слёзы цякуць».

«Як кажуць, у нас краіна незалежная: ад нас з вамі нічога не залежыць».

Гэтак жыхары вёскі Кроква рэагуюць на тое, што ў іх забіраюць апошні кавалак лесу. Паводле ўказаў Лукашэнкі яшчэ з 2012 года, гэтыя землі аддалі ў арэнду на 99 гадоў Катару. Але цяпер плот зноў пераносяць. Амаль пад самую вёску. Жыхары скардзяцца:

«Спачатку мы думалі, што толькі гэты ўчастачак агародзяць, не больш. Змірыліся ўжо, бог з ім. Потым глядзім – далей высечка ідзе. Вось гэтая высечка ідзе туды вельмі далёка, яна ідзе ўздоўж усёй нашай вёскі, на невялікай адлегласці».

«Камеры вось тут панастаўлялі. Мы тут працавалі ў лесе, саджалі яго і палолі. І цяпер не можам у лес зайсці!»

«Адбіраецца далей зямля. А чаму? А дзе нам ягады і грыбы збіраць?»

«Нават не ў тым сэнсе. Мяне хвалюе: людзі зачыняюцца сеткай ад народа. Значыць, там нешта будзе?»

«Для будаўніцтва рэзідэнцыі ды паляўнічых вальераў» – гэтак тлумачаць новае прызначэнне адабранага ў беларусаў лесу прэзідэнцкія ўказы з грыфам «Для службовага карыстання». Ні ў мясцовым сельсавеце, ні ў таварыстве з абмежаванай адказнасцю «КПІ Спэшл Проджэктс», якую медыі называлі адным з забудоўнікаў праекту, атрымаць каментар не ўдалося. Адзіны, з кім выйшла пагаварыць і хто мімаходзь бачыў афіцыйныя дакументы пра новае пашырэнне тэрыторыяў, – ляснічы Юркавіцкага лясніцтва Алег Аніськовіч.

«Прыйшлі новыя паперы: змяненне межаў дадаткова. У цэлым па маім лясніцтве – каля 100 гектараў. Паставілі пікецікі, забіраюць поле калгаснае, там гектараў каля 50. Ну і 100 гектараў лесу: гэта ад рачулкі па Закалюжскай дарозе. І ад вёскі Кроква метраў 50 у адным месцы, можа, 100», – кажа Алег Аніськовіч.

Акрамя Кроквы пацерпяць праз новае пашырэнне і жыхары вёскі Цна. Яшчэ 8 гадоў таму іх пазбавілі некалькіх кіламетраў ракі, але і гэтага мала. У Цне з уладальнікамі некаторых дамоў вяліся перамовы аб продажы нерухомасці. Найбольшую цікавасць уяўляюць будынкі, якія стаяць каля ракі. З другога берага – ужо, лічы, іншая дзяржава. Агульны перыметр Лагойскіх зямель, перададзеных Катару 8 гадоў таму, быў не меншым за 25 квадратных кіламетраў.

Сёння на шляху новага пашырэння стаяць і землі вядомага ў Беларусі фермера Уладзіміра Адамовіча. Паводле фермера, які арандуе тут зямлю, пасля ўборкі ўраджаю і гэтая тэрыторыя адыдзе ў прыватныя ўладанні ды будзе перакрытая плотам. Лясы, перададзеныя Катару, вывелі з ляснога фонду Беларусі, і лясны закон, у адпаведнасці з якім лес забаронена здаваць у арэнду больш чым на 15 гадоў, на іх не распаўсюджваецца. А як быць з пунктам 13 Канстытуцыі, які кажа аб прыродных рэсурсах як аб «выключнай уласнасці» дзяржавы?

«Гэта ёсць парушэнне. Шэраг артыкулаў Канстытуцыі можна знайсці пра тое, што правы людзей, якія там пражываюць, парушаны. Апеляваць да суда? Ну, гэта трэба рабіць. Але, я думаю, калі там указ Аляксандра Лукашэнкі для службовага карыстання, то гэта азначае, што суд не стане на бок жыхароў, якія там пражываюць», – лічыць дырэктар установы «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Жыхары Кроквы кажуць, што лясы ў іх забралі найлепшыя.

«Такія землі, дзе багацце звера, багатая прырода. Гадоў 20 таму ішла гаворка, я толькі прыйшоў працаваць, утварылася лясніцтва, што гэта ўсё ў нас будзе Нацыянальны заказнік або парк «Белая Русь», – тлумачыць ляснічы Алег Аніськовіч.

Цяпер тут пабудавалі 16 дамоў, верталётную пляцоўку, паляўнічыя вальеры, азёры. Але беларусам, узгадаваным на гэтых землях, гэткая раскоша недаступная.

«Сын пайшоў на рыбалку… там вось рэчка. Падышоў ахоўнік і сказаў: неадкладна сыходзь».

«Грыбы збіраеш, яны едуць: што ты тут ходзіш?»

Падчас нашае працы перагароджаны лес рэгулярна абʼязджаў квадрацыкл.

Кадастравы кошт перададзенага катарцам лесу ацаніць складана: паводле розных звестак, ён даходзіць да 7 мільёнаў долараў.

Алена Дубовік, «Белсат»