У войска – з язваю. Хто такі сярэднестатыстычны беларускі навабранец?


Міністэрства абароны НЕ адмовілася ад новаўвядзенняў у законапраект аб вайсковай службе і паспрабавала грамадству патлумачыць іх неабходнасць. Падчас адмысловай прэс-канферэнцыі прадстаўнікі ведамства непапулярныя сярод моладзі захады патлумачылі клопатам пра маладзёнаў. Ці пераканала гэта тых, хто не хоча пачынаць свой дарослы жыццёвы шлях з казармы?

Прызыў пачнецца паводле старых правілаў, але да лістапада ваенкаматы пяройдуць на новыя ўмовы, патлумачылі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі ў Доме Масквы. У войска цяпер выправяцца 10 тысяч навабранцаў – паведаміў Мінабароны Беларусі.

Андрэй Мурашоў, кансультант Генеральнага штабу:

«Для таго, каб нам гэтую лічбу набраць, мы змяняем заканадаўства і скасоўваем адтэрміноўкі. Гэта патрэбна, каб вызваліць неабходны прызыўны рэсурс».

Гэты рэсурс – колькасць маладзёнаў прызыўнога веку – паводле Мінабароны, за дзесяцігоддзе скараціўся амаль удвая. У мінулы восеньскі прызыў праз вайсковыя камісіі прайшлі толькі 70 тысяч хлопцаў. Каля 27 тысячаў з іх атрымалі адтэрміноўкі з мэтай працягнуць адукацыю. Цяпер, на думку міністра Раўкова, такіх адтэрміновак стане на 4 тысячы менш.

«З-за дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне і ўвогуле з-за эканамічнай сітуацыі ў нас якасць і колькасць прызыўнікоў не павялічваецца, а памяншаецца. Адпаведна зніжаюцца патрабаванні», – тлумачыць Зміцер Міцкевіч, аналітык Belarus Security Blog.

Ахвярай зніжэння такіх патрабаванняў стаў гарадзенец Мікіта Балоцін. Летась яго прызвалі ў войска. Праігнараваўшы дыягназ – язву дванаццаціперснай кішкі.

«Я запісаўся на прыём да аблваенкама, каб высветліць сітуацыю наконт дыягназу. На гэта я атрымаў адказ, што змяніліся законы, і маё захворванне больш не з’яўляецца актуальным, каб атрымаць адтэрміноўку або быць прызнаным нягодным. Таму я павінен ісці на тэрміновую вайсковую службу», – распавядае камісаваны з войска Мікіта Балоцін.

Дактары вайсковай часткі мелі іншае меркаванне. Даведаўшыся пра дыягназ хлопца, тыя накіравалі яго на паўторнае абследаванне і камісавалі. Цяпер Мікіта дамагаецца кампенсацыі праз суд:

«Я страціў паўгода жыцця там, дзе не павінен быў апынуцца. Я страціў працу, а працу я цяпер знайсці не магу. Нехта павінен быць пакараны».

Хлопец без вышэйшай адукацыі, з небагатай сям’і, у якога не хапіла сувязяў і рэсурсаў, каб ухіліцца ад войска. Такі партрэт навабранца малюе аналітык Belarus Security Blog Зміцер Міцкевіч. У большасці частак такі сярэдні навабранец будзе не столькі спасцігаць вайсковую навуку, колькі фарбаваць бардзюры ды зграбаць лісце. Але пераводзіць армію на прафесійныя рэйкі, на думку эксперта, – не выйсце:

«Прыклад увядзення прафесійнай арміі ў нашым рэгіёне – гэта Украіна, дзе ў 2014 годзе аказалася, што проста няма каму абараняць краіну. Дык яны вельмі хутка зразумелі, што гэта не працуе, і вярнуліся да прызыўной арміі. Нашая суседняя Літва таксама вярнулася да прызыўной арміі».

Аднак нават ва Украіне, што ваюе, абараняць радзіму па-сапраўднаму вучацца кантрактнікі, скардзіцца вайсковы эксперт Алег Жданаў (Кіеў). Прызыўнікі, як у савецкі час, займаюцца гаспадарчымі працамі:

«Так, яны не фарбуюць траву. Такога маразму ўжо даўно няма. Яны не складаюць снег у кубікі. Але яны забяспечваюць усё. Таму гэта, напэўна, самы цяжкі від службы на сённяшні дзень. Казаць пра тое, што яны займаюцца тактычнай падрыхтоўкай, я б нават не стаў».

Ад пачатку вайны на Данбасе Украіна павялічыла фінансаванне арміі ўдвая. А вайсковы бюджэт Беларусі застаўся ранейшы – каля 600 мільёнаў еўраў. У пераліку на колькасць вайскоўцаў, нашая краіна фінансуе армію ў 6 разоў горш, чым Літва ды Расея, і ў 10 разоў горш за Польшчу.

Аляксандр Папко, belsat.eu