У Варшаве прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі

Выбары прэзідэнта ў Беларусі прынеслі жудасны плён – дзясяткі новых палітвязняў. І гэты сумны спіс пастаянна папаўняецца. Чарговую акцыю салідарнасці са зняволенымі зладзілі ў цэнтры Варшавы.

На адной з самых турыстычных вуліц польскай сталіцы – Новым свеце – сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Кажуць удзельнікі акцыі ў Варшаве:

«Я прыйшоў падтрымаць палітычных зняволеных, якія сядзяць у турме за нашую свабоду, за вольную Беларусь».

«Я салідарны з усімі палітзняволенымі і з усім народам Беларусі, які цяпер змагаецца ў Беларусі. Змушаны быў з’ехаць».

На плакатах – фотаздымкі тых, хто ў барацьбе за свабоду Беларусі трапіў за краты. Палітычнымі вязнямі беларуская праваабарончая супольнасць прызнала 58 асобаў. Сярод іх – чальцы Каардынацыйнае рады, бізнесоўцы, адмыслоўцы ў ІТ, палітыкі, блогеры ды актывісты.

«Я сама былая палітзняволеная, і я ведаю, наколькі важная салідарнасць, калі ты ў турме. Таму гэта акцыі салідарнасці з Беларуссю, якія не павінныя заканчвацца», – кажа галоўная рэдактарка сайту «Хартыя’97» Наталля Радзіна.

Забітых у дні паслявыбарчага гвалту пратэстоўцаў, а таксама зніклых на пераломе 21-га стагоддзя палітыкаў ушанавалі хвілінаю маўчання.

Сёння ж у Вільні каля расейскай амбасады адбылася акцыя асуджэння палітыкі Расеі ў дачыненні да Беларусі. Галоўнае патрабаванне ўдзельнікаў – каб Крэмль не выказваў ніякай дапамогі рэжыму Лукашэнкі.

З Беларуссю салідарныя ва ўсім свеце. Ужо заўтра новыя акцыі падтрымання адбудуцца ў Польшчы, Нямеччыне, Францыі, Украіне, Ізраілі, Эстоніі, Злучаных Штатах Амерыкі ды іншых краінах.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама