У цэнтры Менску насуперак жаданням менчукоў можа паўстаць жалезабетонны гмах


Быць ці не быць у гістарычнай забудове чарговаму жалезабетоннаму гмаху – вось у чым пытанне. Улады Менску і мясцовыя жыхары – супраць будоўлі, а Вярхоўны Суд з імі не згодны. Дык ці адкрыецца брама Менску забудоўнікам?

Больш за чатыры гады таму кампанія «10 УНР-інвест» па выніках аўкцыёну атрымала права на забудову ўчастку зямлі ў адным з двароў брамы Менску. Планавалі ўзвесці жылы комплекс з падземным паркінгам на 300 месцаў, а таксама офіснымі будынкамі і крамамі на першых паверхах. Мясцовыя жыхары былІ абураныя такім развіццём падзеяў і дамагліся прыпынення будоўлі.

Дзмітрый Балаш, лакальны актывіст:

«Праект, паводле якога тут збіраюцца будаваць шматпавярховікі, яго тэрмін рэалізацыі сышоў у 10 годзе. Ёсць экалагічная экспертыза – яе дзеянне скончылася за тры гады да правядзення аўкцыёну аб продажу гэтай зямлі. Вось гэтая зямля, яе кадастравы кошт – 3,5 мільёны долараў. Прададзеная яна была за 270 тысяч долараў. Вы ўяўляеце? Тут дзве кватэры столькі каштуюць!»

Магчыма, калі б аўкцыён быў адкрыты, такі кавалак зямлі ў цэнтры гораду перадалі б як мінімум не ніжэй за рынкавы кошт.

Віктар Янчурэвіч, каардынатар ініцыятывы «Экаград»

«Такі ж кавалак зямлі быў прададзены побач са станцыяй метро «Парк Чалюскінцаў», дзе цяпер ужо будуецца бізнес-цэнтр. Таксама ён быў прададзены за капейкі – за кошт трохпакаёвай кватэры ў тым квартале».

Да 2018-га года забудоўнік ніякай актыўнасці не вёў. Аднак сёлета выйграў цэлы шэраг судовых паседжанняў у Менскага гарвыканкаму. Пры гэтым мясцовыя жыхары ды актывісты ніяк судом да справаў не прыцягваліся, хоць яны і патрабавалі свайго ўдзелу ў якасці сведкаў. Больш за тое, яны проста не ведалі, што вядуцца нейкія цяжбы.

Віктар Янчурэвіч, каардынатар ініцыятывы «Экаград»:

«Я не выключаю, што ў перспектыве мы ўбачым гэты двор забудаваным. Прынамсі, як мне падаецца, усё да гэтага ідзе, і гэтая ўся гульня – яна чыста на публіку. Зацягванне часу і сеянне адпаведных настрояў сярод гараджанаў – маўляў, у вас усё роўна нічога не атрымаецца».

Тым часам, пакуль будоўля не вялася, прынялі новы генеральны план Менску, які забараняе будаўніцтва ў гэтым раёне. Да таго ж на квартал зацверджаны праект зонаў аховы гістарычна-культурніцкіх каштоўнасцяў, што таксама не дае права на будоўлю. Забудоўнік каментуе коратка.

Прадстаўнік ААТ «10 УНР-інвест»:

«Ёсць рашэнне суда, мы будзем чакаць яго выканання».

Паводле мясцовых жыхароў, у квартале былі зачыненыя тры дзіцячыя садкі, а для жыхароў няма месца для адпачынку.

Дзмітрый Балаш, лакальны актывіст:

«Тут павінная быць адукацыйная ўстанова – школа або спартовая школа. А на месцы гаражоў мусіць быць стадыён. Гэты праект прайшоў грамадскае абмеркаванне, усе экспертызы і ён павінен быў быць узгоднены ў мінулым годзе ў 12-ым месяцы. Але гэтага не было зроблена».

Пакуль рашэнне Вярхоўнага Суда не ёсць канчатковым і можа быць аспрэчанае. Мясцовыя жыхары збіраюцца падаваць пратэст праз пракуратуру, а таксама высветліць, ці няма змовы паміж Менскім гарвыканкамам і забудоўнікам, каб у выпадку яе наяўнасці звярнуцца ў органы ўнутраных справаў.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu