Аб'ектыў 13.08.2018 У цэнтры Берасця людзі жывуць у разбураных дамах без вады і газу


Помнік савецкім абяцанням можна знайсці ў самым цэнтры Берасця. Савецкі Саюз ужо даўно разваліўся, але жыхары аднаго з раёнаў дасюль чакаюць абяцанага развязання свайго жыллёвага пытання.

Вуліца Маскоўская ў Берасці. Жыхары чатырох дамоў каля Кобрынскага мосту больш за паўстагоддзя жывуць на валізах. Чыноўнікі яшчэ ў савецкі час паабяцалі забяспечыць іх новым жытлом, аднак гэтага не зрабілі.

«З 1963 года дамы гэтыя пад зносам. Людзі нічога не маглі зрабіць тут, не маглі нічога правесці. А цяпер нам кажуць, што ўсё ў нас у шакаладзе», – кажа жыхар дому ля Кобрынскага мосту Аляксандр.

Традыцыю паабяцаць, але нічога не зрабіць пераняли і ўлады незалежнай Беларусі.

«Пісалі ўва ўсе інстанцыі: у гарвыканкам, у аблвыканкам, у Адміністрацыю прэзідэнта. Адказ адзін: вашыя дамы зносу не падлягаюць. Ваду людзі набіраюць з калонкі на суседняй вуліцы, ацяпленне – дровы, прыбіральня, выбачаюся, на вуліцы. 21-ае стагоддзе на двары!», – кажа жыхарка вуліцы ля Кобрынскага мосту Любоў.

Зноў надзея ўзнікла напярэдадні тысячагоддзя Берасця, якое горад адзначыць налета. Чыноўнікі абяцалі, што людзей чакае новае жыццё, калі пачнецца рэстаўрацыя Кобрынскага мосту. Але замест паляпшэння зрабілася яшчэ горш: будоўля пачала разбураць іхныя дамы.

«У мяне, напрыклад, расколіны пайшлі па доме. Адзін кут пачаў апускацца… Я ўжо не ведаю, куды звяртацца!» – кажа жыхар дому ля Кобрынскага мосту Эдуард.

Шмат пытанняў у мясцовых выклікае і ўласна праект рэстаўрацыі мосту.

«Замест ліўнёўкі тут паклалі дрэнаж, у якога адзін рукаў, які пакладзены ў адваротным кірунку і які працаваць не будзе. Залевы гэта ўжо паказалі – усё затапіла», – кажа Аляксандр.

Аднак на паперах у чыноўнікаў усё выглядае як мае быць.

«Гэтая дакументацыя ўзгодненая з экалагічнай і санітарнымі службамі, галоўным архітэктарам гораду Берасця, УДАІ УУС Берасцейскага аблвыканкаму, прайшла дзяржаўную пазаведамасную экспертызу і зацверджаная ў прадугледжаным парадку», – кажа нам. кіраўніка Берасцейскага гарвыканкаму Мікалай Якубоўскі

Улады знасіць дамы не збіраюцца. Але ў той жа час не дазваляюць іх жыхарам прадаць нерухомасць ці хаця б правесці ваду і газ.

«Хочацца запытаць чыноўнікаў: фізічна магчыма тут жыць? Жыць, працаваць, насалоджвацца жыццём і казаць: так, мая краіна – найлепшая, так, маё кіраўніцтва гораду – найлепшае! Мы забытыя, мы – паслухмяныя грамадзяне сваёй краіны», – кажа Любоў.

Людзі, якія сталіся закладнікамі сваіх дамоў, працягваюць чакаць. Гэтым разам – адказу ад гарадскога кіраўніцтва пра статус сваіх будынкаў: яны ў аварыйным стане ці не?

Міхась Ільін belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары