У справе Шарамета вінавацяць 5 асобаў, сумневаў столькі ж


Да забойства журналіста Паўла Шарамета датычныя 5 асобаў, у тым ліку тыя, што мелі дачыненне да баявых дзеянняў на Данбасе. Але пасля прэзентацыі следства маці забітага, Людміла Шарамет, а таксама ягоныя калегі баяцца, каб не пацярпелі невінаватыя.

Гадзіну доўжылася прэзентацыя ў справе расследавання забойства Паўла Шарамета. Нечаканая справаздача і спіс падазраваных: музыкі і вайскоўца Андрэя Антоненкі, дзіцячага хірурга і валанцёркі Юліі Кузьменка і вайсковай медсястры Яны Дугар.

«Дачыненне да справы забойства нашага калегі вядомых ва Украіне валанцёраў не можа не шакаваць, яно здзіўляе. Для нас галоўным пытаннем цяпер застаецца матыў і замоўца, бо пра замоўцу нічога не было ўчора сказана», – гаворыць Сеўгіль Мусаева, журналістка, «Українська Правда».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Суд у Кіеве атрымаў хадайніцтвы на арышт трох падазраваных у забойстве Паўла Шарамета. Яшчэ дваіх падазраваных – Уладзіслава ды Іну Грышчанкаў арыштавалі раней. Абвінавачанню не ўдалося пераканаць суаўтарку расследавання забойства, журналістку Ганну Бабінец:

«Тыя рэчы, якія былі паказаныя, у нашым свеце журналістаў-раследвальнікаў называюцца другаснымі доказамі. То бок людзі пра нешта казалі, ёсць шмат эмацыйных размоваў, якія настройваюць нас на тое, што пэўна гэта вельмі дрэнныя людзі, бо яны так зрабілі».

Да затрымання Іна Грышчанка ў Facebook неаднойчы згадвала, што ім з мужам шыюць справу Шарамета. Напярэдадні ў кватэрах падазраваных адбыліся вобшукі.

Шарамета забілі ў ліпені 2016-га ў Кіеве. Выбухоўку падклалі ў аўта, якое належала былой жонцы журналіста. Чаму забілі – можна толькі меркаваць. Галоўнаю версіяй следчых журналістаў застаецца ягоная праца. У Менску Шарамет між іншага расследаваў знікненні на стыку стагоддзяў палітычных апанентаў Лукашэнкі.

Потым пераезд у Маскву на працу на тэлебачанні. І ў 2012 годзе – Украіна, дзе вёў тэлевізійныя і радыёэфіры, раскрываў карупцыйныя схемы, каментаваў палітычную сітуацыю і друкаваўся ва «Украінськай праўдзе». У якасці госця наведваў «Белсат». Пра Кіеў разважаў:

«Тут ёсць магчымасць для самарэалізацыі нашмат больш, чымся ў Беларусі. У Беларусі стабільнасць падобная да стабільнасці могілак. Цябе накрывае бетоннаю плітою Лукашызму, а тут у паветры свабода».

Памёр у свабоднай краіне, пахавалі на Радзіме. Тагачасны прэзідэнт Парашэнка аб’явіў расследаванне гібелі справай гонару Украіны, а мэтаю назваў «дэстабілізацыю сітуацыі ва Украіне». Ягоны пераемнік Зяленскі, які прысутнічаў на ўчорашнім брыфінгу, два месяцы таму ставіў ультыматум для расследавання ў гэтай справе.

Прычыны шукаць вінаватых хутчэй былі і ў міністра ўнутраных справаў Украіны, нагадвае Ганна Бабінец:

«Былі пратэсты грамадскіх актывістаў канкрэтна супраць кандыдатуры Авакава, каб ён не працягваў быць міністрам унутраных справаў. І мы памятаем, што Зяленскі і людзі з ураду сказалі што ў яго 6 месяцаў выпрабаваўчага тэрміну, каб даказаць, што ён добры міністр. Акурат гэтак склалася, што гэтыя 6 месяцаў вось-вось мінаюць».

Былая калега Паўла Шарамета, журналістка Святлана Калінкіна цешыцца, што следства варушыцца, але пакуль таксама не бачыць доказаў:

«Матыў злачынства «дэстабілізацыя сітуацыі» намі беларусамі ўспрымаецца вельмі крытычна. Мы самі мелі такое злачынства – выбух у метро, калі зусім было незразумела, дзеля чаго і чаму тыя Віцебскія хлопцы вырашылі ўзарваць метро».

Адказы на гэтыя пытанні пахавалі разам з расстралянымі меркаванымі спраўцамі. Падазраваныя ж у справе Шарамета маюць магчымасць казаць і абараняцца. Некаторыя ўжо заявілі пра наяўнасць алібі.

Юлія Цяльпук belsat.eu