Аб'ектыў 21.02.2018 У справе Дня волі менскія ўлады да сёння маўчаць


Да святкавання 100-годдзя абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі застаўся месяц.

У Менску ўжо адбылося паседжанне аргкамітэту святкавання імпрэзы. У аргкамітэце спадзяюцца, што сёлета ўлады адмовяцца ад сілавога сцэнару, які адбыўся летась. Акцыя на Дзень Волі мае быць святочная, а не пратэставая. Арганізатары таксама паведамілі, што да святкавання далучыцца беларуская дыяспара ў шматлікіх краінах свету.

Маштабныя імпрэзы пройдуць ад Кіева і Варшавы да Нью-Ёрку і Вашынгтону.

Вячаслаў Сіўчык з Руху салідарнасці «Разам» кажа, што ў Кіеве вулічная акцыя пачнецца на Майдане а 12-й паводле мясцовага часу – каб украінскія палітыкі і грамадзяне павіншавалі беларускі народ з Днём волі.

Што да планаў у Менску, арганізатары падалі заяўку на правядзенне не толькі дэманстрацыі і мітынгу, але і святочнага канцэрту ў цэнтры гораду. Але Менгарвыканкам дагэтуль захоўвае маўчанне, кажа Юрась Губарэвіч:

«Варыянт ад Акадэміі да Бангалор на сёння не разглядаецца, бо гэта будзе дэманстрацыя, што ўлада не паважае пачуцці і інтарэсы значнай часткі грамадства, і наплявальніцкі ставіцца да нашай гісторыі».

Асцярожныя станоўчыя ацэнкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі гучаць з боку прадстаўнікоў улады. Напрыклад, колішні намеснік міністра замежных справаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі назваў абвешчанне БНР знакавай падзеяй у гісторыі. А былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі, а цяпер парламентар Генадзь Давыдзька казаў, што 100-годдзе БНР павіннае адзначаць усё грамадства.

Летась 25-га сакавіка ўлады зрабілі ўсё, каб святкавання не адбылося. Прэвентыўна былі затрыманыя праваабаронцы, лідары грамадскай супольнасці, агулам летась падчас Дня Волі былі затрыманыя не менш за 900 асобаў.

Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная 25-га сакавіка 1918-га, і нягледзячы на тое, што яе не прызналі суседзі, менавіта стварэнне БНР спрычынілася да таго, што савецкая ўлада была вымушаная пайсці на ўтварэнне БССР.

Аркадзь Несцярэнка

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары