У Сірыі спынілі агонь


Прадстаўнікі сірыйскай апазіцыі пагадзіліся спыніць баявыя дзеянні супраць войскаў Башара аль-Асада. Пра гэта паведамляюць заходнія медыі. Тое, што дамоўленасці пра замірэнне дасягнулі, сёння пацвердзіў кіраўнік Расеі падчас сустрэчы з міністрам абароны Сяргеем Шайгу. Чакаюць, што замірэнне пачне дзеяць апоўначы паводле мясцовага часу.

«Падпісаныя тры дакументы. Першы – паміж сірыйскім урадам і ўзброенай апазіцыяй пра спыненне агню на тэрыторыі Сірыйскай арабскай рэспублікі. Другі дакумент – гэта комплекс захадаў у кантролі за рэжымам спынення агню. І трэці дакумент – заява пра гатовасць пачаць мірныя перамовы ў сірыйскім урэгуляванні», – сказаў Пуцін.

Апрача таго, кіраўнік Расеі заявіў, што расейскі вайсковы кантынгент у Сірыі скароцяць.

Напярэдадні рэжым прыпынення агню ў Сірыі анансавалі турэцкія медыі. У сваю чаргу агенцтва «Ройтэрз», спасылаючыся на свае крыніцы, паведаміла, што план замірэння прадугледжвае падзел Сірыі на зоны ўплыву. Пры гэтым аль-Асад, якога падтрымлівае Расея, мае застацца пры ўладзе да наступных прэзідэнцкіх выбараў.

belsat.eu