Аб'ектыў 14.07.2018 У размовах Трампа з Пуціным Фінляндыя не хоча быць нейтральнай


Саміт прэзідэнтаў ЗША і Расеі адбудзецца, паведаміў Белы дом, нягледзячы на абвінавачанні офісу генпракурора Робэрта Мюлера на адрас 12-ці працаўнікоў ГРУ, якіх падазраюць у шматузроўневым узломе камп’ютарных сістэмаў, крадзяжы дакументаў і асабістых звестак падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Амерыцы.

«Падазраваныя выкарыстоўвалі два метады для крадзяжу інфармацыі. Па-першае, яны выкарыстоўвалі схему, вядомую як фішынг: адпраўлялі паведамленні праз электронную пошту, падманваючы карыстальнікаў, каб атрымаць доступ да іхных пароляў ды інфармацыі аб бяспецы. Па-другое, яны ўзламвалі камп’ютарныя сеткі ды ўсталёўвалі шкоднае праграмнае забеспячэнне, якое дазволіла ім шпіёніць за карыстальнікамі», – заяўляў намеснік генеральнага пракурора Робэрта Мюлера Род Розэнштайн.

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп ужо ўсклаў віну на свайго папярэдніка Барака Абаму, які нібыта ведаў пра кібератакі, але бяздзеяў. У коле дэмакратаў маюць свой пункт гледжання на будучы саміт пасля апублікавання новых фактаў у гэтай справе.

«Калі Трамп і ягоная каманда не гатовыя падчас сустрэчы ў Хельсінкі зрабіць галоўнаю тэмай перамоваў умяшанне расейцаў у выбары, то сустрэчу мусяць адмяніць», – лічыць сенатар ад Дэмакратычнай партыі Марк Ўорнэр.

Аднак сустрэчу, да якой рыхтуюцца н(я) толькі ў Вашынгтоне і Маскве, адмяняць пакуль не збіраюцца: напярэдадні ўрад Фінляндыі ўзнавіў памежны кантроль для грамадзянаў з шэнгенскімі візамі – да 12-ай гадзіны дня 17 ліпеня. Мэта – абмежаваць доступ у краіну асобам, якія могуць пагражаць бяспецы і грамадскаму парадку падчас саміту.

«Фінляндыя не хоча быць нейтральнаю краінай у сэнсе нейтральнасці ў гэтай «халоднай вайне». Мы хочам быць пасярэднікамі, карыснымі ў гэтым плане – напрыклад, што датычыць Украіны, калі Пуцін і Трамп будуць шукаць розныя шляхі развязання гэтай праблемы», – заяўляе Міка Аальтоля з Інстытуту міжнародных адносінаў (Хельсінкі).

І, хоць сам амерыканскі лідар не чакае ад сустрэчы ў Хельсінкі канкрэтных вынікаў, размаўляць з расейскім прэзідэнтам пра Сірыю і Украіну мае намер перадусім.

Сустрэча Доналда Трампа і Уладзіміра Пуціна мае адбыцца 16 ліпеня. Гэта будзе першая поўнафарматная сустрэча Пуціна і Трампа – раней лідары Расеі ды ЗША сустракаліся толькі ў межах пашыраных самітаў у нямецкім Гамбургу і в’етнамскім Данангу.

Віталь Бабін; фота – Carlos Barria/Reuters/Forum

Глядзі таксама
Каментары