Аб'ектыў 03.03.2018 «У прыватнікаў – тэлевізар і камфорт». Бабруйск змагаецца за маршруткі


Ужо чацвёртыя содні на лініях няма прывычных людзям прыватных перавознікаў – яны адмаўляюцца працаваць паводле новых правілаў. Прыватнікі абвесцілі збор подпісаў супраць зменаў у законе. У панядзелак кіроўцы маюць намер накіраваць подпісы кіраўніку краіны.

Аўтавакзал Бабруйску. Маршруткі на Магілёў і Асіповічы ёсць. Але не едуць. Замест гэтага пасажырам прапаноўваюць падпісацца супраць зменаў у транспартавым заканадаўстве, якія набылі моц 26 лютага і ўскладнілі працу прыватных перавознікаў. За першы дзень сабралі каля тысячы подпісаў, агулам за тры дні – больш за пяць тысячаў. Людзі кажуць, што за 15 гадоў яны ўжо прывыклі да прыватнікаў.

«Як бы больш зручныя, кампактныя і хуткія, – кажуць жыхары Бабруйску. – А ці ў дзяржаўных ёсць такі сэрвіс, як у прыватным? Няма. А ў прыватнікаў – усё: і тэлевізар, і камфорт».

Сапраўды, бясплатны інтэрнэт у салоне, клімат-кантроль, сучасныя і хуткія аўтамашыны, прыпынкі на жаданне пасажыраў і невысокія кошты. Гэтага пакуль не ў стане забяспечыць афіцыйныя дзяржаўныя перавознікі.

Але ж гэта больш бяспечна, кажуць у Міністэрстве транспарту. Апошнімі зменамі ў Законе аб аўтамабільных перавозках улады намагаюцца перавесці ўсіх перавознікаў на вакзалы – нібыта дзеля таго, каб кіроўцы маглі адпачываць паміж рэйсамі. Аднак перавознікі мусяць аддаваць тым вакзалам да 15 % ад свайго заробку.

«Я лічу, што дзяржава забараняе людзям зарабляць грошы. Чаму, калі людзям гэта зручна, чаму б ім не карыстацца гэтым?», – кажа жыхарка Бабруйску.

Да таго ж уводзіцца ўсталяваны расклад, бо паводле новых правілаў – гэта рэгулярныя перавозкі. Ёсць і іншыя мінусы. Да прыкладу, цяпер неабходна заключаць дамову з мясцовым аператарам на ажыццяўленне такіх перавозак, а пачынаць маршрут трэба ад аўтавакзалаў, дзе не заўжды ёсць плынь людзей. За парушэнне заканадаўства – штрафы і нават канфіскацыя аўтаў. І з гэтым таксама пагаджаюцца далёка не ўсе. На знак пратэсту шэраг прыватных перавознікаў з 26 лютага скасавалі свае рэйсы па міжгародніх маршрутах.

Тым часам збор подпісаў «супраць» працягваецца і ў інтэрнэце. Агулам, на розных пляцоўках, падпісаліся больш за 20 000 чалавек.

Сцяпан Святлоў; фота – Dominika Mroz-Toton/FORUM

Глядзі таксама
Каментары