Аб'ектыў 14.07.2018 У Польшчы біліся тысячы рыцараў


Усё амаль як 15 ліпеня 1410 года, калі аб’яднаныя войскі Польскага Каралеўства і Вялікага княства Літоўскага ў вырашальнай бітве ўпэўнена разбілі крыжакоў.

Сёння на Грунвальдскім полі ў баі схапіліся больш за тысячу рыцараў – вершнікі і пяхота з мячамі, лучнікі і пушкары.

«Мы заўжды намагаемся дакладаць да гэтай вялікай імпрэзы пэўныя папулярна-навуковыя элементы, але галоўнае тут – безумоўна, забава», – кажа гісторык і суарганізатар імпрэзы Шыман Дрэй.

Гэта – адная з найбуйнейшых гістарычных рэканструкцыяў у Еўропе. Ужо 21 год запар непадалёк мястэчка Грунвальд збіраюцца дзясяткі тысячаў гледачоў ды аматараў Сярэднявечча не толькі з Польшчы, але і з усёй Еўропы.

«Адразу, як толькі чалавек пачынае браць удзел у рэканструкцыі і сапраўды ў яе ўцягваецца, гэта перастае быць хобі, а робіцца часткаю жыцця, у якім выезд на Грунвальд – нешта абсалютна натуральнае. Таму ўвесь год людзі не могуць дачакацца, паліруюць даспехі, каб толькі хутчэй прыехаць сюды і выйсці ў поле», – кажа ўдзельнік рэканструкцыі Мар’юш Высоцкі.

Ён бярэ ўдзел у імпрэзе ўжо ў 16-ы раз.

Каб усе гледачы маглі паўнавартасна пагрузіцца ў эпоху сярэднявечча, арганізатары імпрэзы падрыхтавалі адмысловую чатырохдзённую праграму. Ёсць усё – ад розных спаборніцтваў, варштатаў і канцэртаў да лагераў коннікаў, рыцараў і рамеснікаў. У іх жыве каля трох тысячаў чалавек – рыцарскае братэрства са сваймі сем’ямі ды сябрамі, чэлядзь і простыя аматары Сярэднявечча. Адзенне з воўны і лёну, палатняныя намёты, гліняны посуд. Усё – паводле тагачасных традыцыяў і правілаў.

«Навокал вельмі шмат файных людзей, удзельнікаў з розных краінаў. Тут кірмаш, там далей аркестр. Імпрэзаў такога ўзроўню ў нас у маёй краіне няма», – кажа Рыка Біручова з Вугоршчыны.

Грунвальд – месца, куды вяртаюцца, – кажуць арганізатары. Пагаджаюцца з імі як удзельнікі, гэтак і гледачы. А значыць, што праз год бітва паўтарыцца ізноў.

Сцяпан Святлоў

Глядзі таксама
Каментары