У Паставах жыве варона, якая глядзіць тэлевізар


Жыхар Паставаў Уладзімір Скоўпень, выхоўвае варону з пашкоджаным крылом па мянушцы Веронаўна, і рыхтуе яе да вялікай тэлевізійнай славы. Аматар перадачы «Што? Дзе? Калі?» хоча зрабіць відэаролік, як ён праглядае шоу інтэлектуалаў разам з выхаванкаю.

Птушка мусіць мець гняздо. А Веронаўна мае мець яшчэ і тэлевізар!

«Будзем з ёю разам глядзець перадачы «У свеце жывёлаў» і «Што? Дзе? Калі?» Яна ўжо паддаецца дрэсіроўцы, ведае некалькі моваў – выконвае каманды па-руску і па-беларуску, і пасля таго як акрэпла, пачала ўжо троху лятаць», – кажа Уладзімір Скоўпень.

Даць вароне адляцець можна будзе толькі глыбокаю вясною. Раней – можна адпусціць птушку, так бы мовіць, у свет! Гаспадар закладзе блог, у якім будзе распавядаць пра гісторыю ратавання падапечнай, пра ейныя таленты і кемлівасць.

«Калі хлеб падсох, то яна бярэ яго ў дзюбу, абмаквае ў ваду, вяртаецца за абедзенны стол і потым дзяўбе», – кажа спадар Уладзімір.

Ва ўласнай цяпліцы ў Паставах Веронаўна спажывае яблыкі, гарбузныя семкі, мюслі і ліверную каўбасу. Ды не прапусціць аніводнае перадачы «Што? Дзе? Калі?»

Юлія Цяльпук, «Белсат»