Аб'ектыў 30.11.2019 «У нас усё ідэальна». Менчукі сабралі дапамогу для пенсіянераў, але да адрасатаў яна не дайшла


Ілюстратыўнае фота – Viktor Drachev / TASS / Forum

Спадарыня Любоў жыве ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Яна пенсіянерка, якой не могуць дапамагаць сваякі: дачка і муж – інваліды. Дапамогі ад цэнтру сацыяльнай абароны пенсіянерка таксама не бачыць.

«Яны яшчэ заяўляюць: «У нас усе стаяць адзінокія пенсіянеры на ўліку, і мы ім дапамагаем». Усё гэта няпраўда», – cцвярджае пенсіянерка Любоў Хоміч.

У верасні самотным пенсіянерам Фрунзенскага раёну валанцёры сабралі гуманітарную дапамогу, якую для размеркавання аддалі ў цэнтр сацыяльнай абароны. Валанцёры кажуць, што разнесці самастойна пакеты не маглі, бо адрасы не выдаюцца. А цэнтр сацыяльнай абароны хоць і прыняў на сваёй тэрыторыі дапамогу, але не праявіў належнай ініцыятывы для яе размеркавання.

Рэпартаж Алены Дубовік глядзіце ў поўным выданні навінаў за 30 лістапада

Спадарыня Любоў упэўненая, што дырэктарка Фрунзенскага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання ведала пра яе.

«Свірыд ведала, магла б патэлефанаваць і сказаць, вось такая вось рэч, калі ласка… Не трэба мне, каб дамоў… Я магла б яшчэ, ногі больш-менш ходзяць, я магла б падысці на Харкаўскую па гэтую дапамогу», – кажа пенсіянерка.

Пакеты з гуманітарнаю дапамогаю маюць розную камплектацыю. У адным, напрыклад, – шампунь, сродак для мыцця посуду, мыла і крэм. Падобных пакетаў было 276. Толькі шэсць з іх дайшлі да пенсіянераў Фрунзенскага раёну, для якіх збіраліся мэтанакіравана. Іншыя пакеты вывезлі ў інтэрнат Менскага раёну. Алё і там дапамогаю не карыстаюцца.

Намеснік дырэктара інтэрнату для састарэлых і інвалідаў № 1 Аляксандр Глазко тлумачыць: «Яна ў нас цяпер на складзе. Мы б яе выкарыстоўвалі, але не можам, бо не ведаем, што гэта за дапамога і адкуль яна ўзялася».

Арганізатарка збораў Алена Хоміч кажа, што не аддаваць дапамогі менавіта самотным пенсіянерам – мэтанакіраваная палітыка ўладаў:

«Яны ствараюць фальшывую бачнасць дабрабыту. Што ў нас усё ідэальна ў краіне, няма людзей у патрэбе».

Алена Хоміч упэўненая, што аддзел сацыяльнага абслугоўвання Фрунзенскага раёну не кантралюе сітуацыі з самотнымі старымі ў раёне. Прадстаўнікі аддзелу пра арганізацыю працы распавядаць гатовыя, але не на камеру.

Размова з Клаўдыяй Райко з аддзелу Фрунзенскага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання:

– Усе грамадзяне Фрунзенскага раёну, якія самі сябе не могуць абслугоўваць: вы пра іх ведаеце, вы ім дапамагаеце?

– Ну, мы не ведаем, наколькі мы ўсіх ведаем… У нас заяўны прынцып, калі чалавек звярнуўся па дапамогу ў тэрытарыяльны цэнтр, то адпаведна яму будзе аказвацца дапамога. Калі ёсць на тое медычныя паказанні.

– А калі ён ляжыць і ўвогуле пра вас нічога не ведае?

– Выяўляем. Ну вось паступіў званок ад суседзяў, у нас бабуля ляжыць, мы выйшлі дадому…

Пакуль што разабрацца, каму і якім чынам аддаць пакеты з дапамогаю, сабранаю валанцёрамі, не ўдаецца.

«Пасля сённяшняй сітуацыі я наагул не ўпэўненая, што я буду гэтым займацца калі-небудзь, бо тут я была непасрэдна ўдзельнікам, сваймі рукамі збірала, адсочвала інфармацыю, і атрымалася, што людзі не атрымалі, тое, што мы збіралі. Тое, куды яна трапляе, калі ты ў гэтым наагул не ўдзельнічаеш, а проста кладзеш у кошык, у мяне выклікае вялікія пытанні», – тлумачыць валанцёрка Алена Карпікава.

Развязаць такія пытанні было б магчыма, кажуць валанцёры, калі б заканадаўства рэгулявала дачыненні паміж імі ды цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання, але пакуль такога заканадаўства няма.

Алена Дубовік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары