У міліцыю – за пост на старонцы невядомага карыстальніка


Участковы міліцыянт забраў Змітра Паліенку з ягонага дому, каб у апорным пункце пазнаёміць адразу з дзвюма адміністратыўнымі справамі.

«Вось за гэты матэрыял на мяне завялі адміністратыўную справу аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але старонка гэтая не мая, і я не ведаю, хто гэта. У мяне ёсць мая старонка ў «Фэйсбуку» – вось яна. А чыя тая старонка – не ведаю ўвогуле», – паказвае на экран манітора Зміцер Паліенка.

Абразлівыя надпісы на адрас працаўнікоў міліцыі напісаныя па-англійску, з’явіліся ў сеціве не ўчора, і пытанне аўтарства застаецца, мякка кажучы, спрэчным. Аднак паводле падобных справаў і артыкулаў аб экстрэмізме былі абвінавачаныя шэраг актывістаў анархісцкага руху і нават журналіст.

«Я прачытаў – там участковы інспектар – ён ужо разбіраецца ў матэрыялах экстрэмісцкіх. Нават я – следчы і юрыст, – мне трэба «пралапаціць» дакументы, пракансультавацца з экспертамі, разабраць гэтыя здымкі. А яны вырашаюць хутка і «па-лёгкаму». Зразумела, што мэта, напэўна, у тым, што 2019–2020 гады будуць напружаныя, і таму зараз – пасеяць страх сярод актыўных людзей, якія ў інтэрнэце», – кажа праваабаронца Алег Воўчак.

Апроч таго, Змітра Паліенку вінавацяць у супраціве работнікам міліцыі, а, дакладней, – у адсутнасці на прафілактычнай гутарцы, якую былы палітвязень мусіць наведваць па вызваленні з турмы.

«Усе людзі па вызваленні – яны становяцца на прафілактычны ўлік. Аднак яны нікуды не ходзяць, ні на якія лекцыі, і не павінныя нікуды хадзіць. Чаму я абавязаны кудысьці хадзіць?» – працягвае Зміцер Паліенка.

Тым не менш, за адмову хадзіць на лекцыі суд ужо аштрафаваў Змітра на 980 рублёў.

«Мне падаецца, гэта ўсё палітычна-матываваныя справы. І я бачу, што перад новым годам улада чамусьці стала ціснуць на анархістаў. Я не бачу ў іх нейкага страху для беларускіх кіраўнікоў або міністраў. Там засталася ўжо вельмі малая колькасць людзей. Ды адстаньце вы ад гэтых хлопцаў», – заклікае Алег Воўчак.

Змітра Паліенку асудзілі паводле крымінальнай справы ў выніку велапрабегу «Крытычная маса» у 2016 годзе. Тады міліцыя звінаваціла ўдзельнікаў велапрабегу ў парушэнні правілаў дарожнага руху, а Змітра Паліенку – у тым, што парваў куртку міліцыянту, за тое яго асудзілі на два гады зняволення. Найбліжэйшымі днямі былога палітвязня чакаюць новыя суды.

Галіна Абакунчык, belsat.eu