«У міліцэйскай логіцы вырашыць праблемы бяздомных – гэта прыбраць іх з вуліцы». Як улады абыходзяцца з бяздомнымі?


Не кожны дзень на вуліцах беларускіх гарадоў спаткаеш бяздомнікаў. Але гэта не азначае, што людзей без сталага месца жыхарства мала. Часцей за ўсё ім абмяжоўваюць доступ да грамадскіх месцаў і начлегу. Да такой высновы прыйшлі праваабаронцы, што разам правялі адмысловае даследаванне.

Ужо некалькі гадоў Юрый не мае сталага месца жыхарства. Апошнія гады ён жыве ў цеплатрасе.

«Я ўжо адвык ад свайго дому, які мой дом? Бутэлькі збіраю, паперу збіраю, во там дзе патрапіцца, а цяпер смецця тут няма», – кажа Юры.

Колькі ўсяго ў краіне такіх, як Юрый, падлічыць складана. Сёння дакладнай статыстыкі няма, але шэсць гадоў таму Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведамляла аб чатырох тысячах бяздомных.

Праваабаронцы з Беларускага Хельсінкскага камітэту, ініцыятывы Human Constanta і швейцарскай арганізацыі Libereco падрыхтавалі даследаванне пра сітуацыю з бяздомнікамі ў Беларусі.

Сярод парушэнняў іхных правоў: абмежаванне доступу да начлегу, да грамадскіх месцаў, таксама масавае затрыманне і вываз бяздомнікаў за горад. Эксперты турбуюцца, што масавыя затрыманні могуць паўтарыцца і напярэдадні Еўрапейскіх гульняў.

«У міліцэйскай логіцы вырашэнне праблемы бяздомных – гэта прыбраць іх з вуліцы, каб яны не псавалі выгляд. Гэта, вядома, парушэнне цэлага комплексу стандартаў правоў чалавека, гэта ўвесь час было, баюся, што гэта мы пабачым і цяпер», – кажа старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак.

Праваабаронцы таксама прэзентавалі інтэрнэт-старонку, дзе ўтрымліваецца інфармацыя пра ініцыятывы, што дапамагаюць бяздомнікам. Ды вырабілі друкаваную прадукцыю.

«Мы распрацавалі буклет невялічкі, які можна проста раздаваць на вуліцы самым бяздомным, які ўтрымлівае тую ж інфармацыю, куды яны могуць звярнуцца і атрымаць нейкую дапамогу», – кажа праваабаронца Наста Лойка.

Сярод рэкамендацыяў праваабаронцаў таксама спыненне пераследу ініцыятываў, якія дапамагаюць бяздомным. А таксама прыняцце захадаў дзеля барацьбы з дыскрымінацыяй і знявагай людзей без сталага месца жыхарства.

«Перш за ўсё дзяржава павінна гэтую праблематыку ўбачыць і разбірацца, чаму так адбываецца, убачыць прычыны, чаму людзі трапляюць на вуліцу. І максімальна працаваць з прафілактыкай узнікнення гэтых праблемаў», – кажа Алег Гулак.

Беларусь далучылася да ажыццяўлення мэтаў устойлівага развіцця, што былі прынятыя чатыры гады таму краінамі-чальцамі ААН. Сярод мэтаў ёсць ліквідацыя беднасці і голаду. Гэта наўпрост датычыць і бяздомных. Але адпаведнай дзяржаўнай праграмы ў нашай краіне дагэтуль няма.

Наста Кахановіч, belsat.eu