У Менску зладзілі беларускамоўную калядную імпрэзу


Вясёлыя калядныя прыгоды і конкурсы, шмат музыкі і спеваў, майстар-клас па стварэнні калядных упрыгожанняў: вось чым здзіўляла наведнікаў кампанія «Будзьма беларусамі!» падчас каляднай імпрэзы.

Арганізатары кажуць, іхная галоўная мэта – зрабіць каляднае святкаванне на беларускай мове ды аб’яднаць беларускамоўных бацькоў. І ўдзельнікам імпрэзы такі фармат падабаецца:

«Уражанні самыя добрыя, вельмі ўтульная, цёплая атмасфера, мне здаецца, атрымалася. І сам фармат мне вельмі спадабаўся».

«Спадзяемся, што імпрэза распачне вясёлыя Каляды, якія набліжаюцца».

«Мы чакаем выступу Андруся Такінданга, мае дзеці вялікія яго фанаты. Яны хадзілі на ўсе праграмы, дзе ён спяваў песенькі пра Фіндуса».

Hавiны
Магілёў рыхтуецца да Новага года. Фотафакт
2019.12.22 15:33

Беларускамоўную калядную імпрэзу ладзяць другі год запар. Летась такая імпрэза сабрала больш за сто чалавек. А ў гэтым годзе пастанавілі абнавіць фармат і зрабілі інтэрактыўны фэст-мюзікл.

«На жаль, малавата ў нас такіх імпрэзаў. Ялінак і розных рэчаў шмат, але звычайна яны рускамоўныя. Мы зразумелі, што не хапае такога», – кажа прадстаўніца кампаніі «Будзьма беларусамі!» Настасся Комлік-Ямаціна.

Галоўная разынка імпрэзы – інтэрактыўны мюзікл аб прыгодах адной беларускай дзяўчынкі-гарэзы падчас Калядаў.

«У нас з’явілася ідэя прыдумаць калядны мюзікл, мы напісалі тэкст, і трэба было яго неяк прэзентаваць. А гэты калядны фэст – добрая нагода, каб зрабіць прэзентацыю нашага мюзіклу», – распавядае Андрусь Такінданг.

«Мы плануем спяваць песні разам з дзеткамі, танчыць разам. Усё на роднай мове. Будзе весела», – заўпэзнівае Валерыя Валадзько.

Арганізатары імпрэзы плануюць правесці такое святкаванне і ў 2020-ым.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»