У Менску развіталіся з музычным кіраўніком «Песняроў» Алегам Моўчанам


Вялікая страта для ўсёй беларускай культуры – так сваякі, сябры ды аматары музыкі казалі сёння пра кампазітара Алега Моўчана. З музычным кіраўніком ансамблю «Песняры», аўтарам мелодыяў дзясяткаў песень, сярод якіх знакамітая «Малітва», развіталіся ў Менску.

Ірына Відава, спявачка, удава Алега Моўчана:

«Я яго берагла і цаніла як магла. Да апошняга. Ён вельмі многа паспеў зрабіць. Цяпер я разумею, чаму ён так спяшаўся жыць, – яму не так многа адведзена было. Ён пакінуў яскравы след у гісторыі беларускай музыкі».

Дзмітрый Падбярэзскі, журналіст:

«Песень у яго знакавых вельмі шмат: і для праграмы «Вянок», якую ён аранжаваў, і тыя песні, якія ён напісаў для «Казацкай вольніцы», тая ж «Маргарыта». І, безумоўна, «Малітва». Уявіць гэтую песню ў выкананні каго іншага я проста не магу».

Валерый Прыгун, мастацкі кіраўнік вакальнай групы «Чысты голас»:

«Ён яшчэ столькі хацеў зрабіць! У яго ў галаве было яшчэ столькі музыкі, столькі ідэяў! І на жаль, гэта ўсё сышло, страчана!»

Уладзімір Марусіч, экс-удзельнік «Песняроў»:

«Сапраўдны кампазітар, сапраўдны чалавек! Царства яму нябеснае! І, як кажуць, да сустрэчы, але не да хуткай!»

Алег Моўчан памёр у 54 гады пасля працяглай анкалагічнай хваробы.

Аляксандр Папко belsat.eu

Фота: Таццяна Вельт