У Менску правялі фэст піва і стрыжкі


Пасмакаваць новы сорт піва ды выйсці прыгожымі з самаізаляцыі сёння прапаноўвае шэраг менскіх барбер-шопаў разам з беларускім броварам «Аліварыя». У Менску праходзіць першы «BarBeerFest» – імпрэза піва і стрыжак, за якія не трэба плаціць грошай.

Ініцыятыва зладзіць фэст належыць кампаніі «Аліварыя». У чэрвені бровар выпусціў новы сорт піва ў лінейцы «Karol JanWhite Hope». Менавіта гэта стала натхняльным штуршком. Бо як граф Чапскі, якому прысвечаная піўная серыя, імкнуўся да паляпшэння гарадскога асяродку, так і бровар хоча ўнесці пазітыў у жыццё гараджанаў.

«Мы зразумелі, што ў апошні час шмат хто быў у самаізаляцыі. І прычоскі, барада, вобраз у цэлым патрабавалі сустрэчы з майстрам. І мы вырашылі, што хопіць быць калматым, запрасілі ўсіх у барбер-шопы», – кажа вядучая спецыялістка па карпаратыўных стасунках кампаніі «Аліварыя» Аляксандра Грыбанава.

Да ідэі далучыліся чатырнаццаць сталічных барбер-шопаў і салонаў прыгажосці, якія ў пандэмічны перыяд адчувалі нястачу кліентаў. Пад час імпрэзы ўсе яны надаюць наведнікам звычайныя паслугі – ад стрыжак да мадэлявання вусаў ды бародаў і выдалення валасоў воскам. І ўсё гэта бясплатна.

«У гэтым выпадку мы хочам дапамагчы людзям выйсці з самаізаляцыі прыгожымі. Мы хочам радаваць людзей. Калі людзі будуць радыя, будзем радыя і мы», – зазначае дырэктарка сеткі барбер-шопаў «BROCK» Марына Салаўёва.

Агулам у «BarBeerFest» маюць узяць удзел прыблізна 170 асобаў. Яны рэгістраваліся загадзя і на канкрэтны час, каб стварыць максімальныя ўмовы бяспекі ад каронавіруса. Наведнікі, з якімі нам удалося паразмаўляць, прызнаюцца, што ўпершыню карыстаюцца з паслуг барбер-шопаў.

«За перыяд чакання так зарос і зразумеў, што варта паўдзельнічаць у фестывалі стрыжак», – распавядае наведвальнік фестывалю Мікіта.

«Чатыры месяцы не стрыгся, ну зусім быў падобны, валасы віліся, усё паўсюдна тырчала. Мяне ўжо і дзяўчына запінала, і бацькі сказалі – ідзі ты пастрыжыся», – дзеліцца Уладзімір.

Ці стане «BarBeerFest» штогадовай імпрэзаю, прадстаўнікі кампаніі загадваць не бяруцца. Усё будзе залежаць ад сённяшняга досведу. Але спадзяюцца, што ў будучым у іх зʼявяцца цікавыя супольныя праекты з беларускімі брэндамі.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»