У Менску правялі акцыю супраць пластыкавых пакетаў


Па ўсім свеце праходзяць масавыя пікеты супраць змяненняў клімату. Іх ініцыятарка шведская школьніца Грэта Турнберг нават выступала ў ААН з прамовай. Беларусы далучыліся да міжнароднай акцыі. Ініцыятыва «Покед пакет» сёння зладзіла пікет у Менску, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да экалагічных праблем.

Як зменшыць колькасць адкідаў і гэтак дапамагчы прыродзе? Стаць больш экалагічна адукаваным сёння можна было каля гандлёвага цэнтру «Дана Молл». Тут эка-актывісты зладзілі акцыю «Покед пакет».

На дазволенай уладамі акцыі сабралася каля 20 чалавек. Наведнікі маглі паплаваць у імправізаваным басейне, напоўненым пластыкавымі бутэлькамі і смеццем. Ён сымбалізаваў сусветны акіян, забруджаны пластыкавымі адкідамі. Экалагічныя актывісты распавядалі пра праблему пластыку, раздавалі налепкі ды збіралі пакеты перапрацоўку і дзяліліся ўласным досведам скарачэння колькасці адкідаў.

«Большасць смецця – гэта аднаразовы посуд, аднаразовыя рэчы, якія не перапрацоўваюцца. Перапрацоўка для іх не выйсце. Адзінае вырашэнне – адмова ці скарачэнне іх выкарыстання», – гаворыць спецыялістка Цэнтру экалагічных рашэнняў Марыя Сума.

Дырэктарка «Аператару другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля Грыцкевіч тлумачыць:

«Мы працягваем звяртаць увагу жыхароў нашай краіны да праблемы ўтварэння адкідаў пластмас. І ў першую чаргу тое, з чым мы сутыкаемся штодзень, – гэта пакеты».

Эка-актывістка Анастасія Пальчэўская распавядае пра сябе:

«Са з’яўленнем ведаў пра тое, як смецце ўплывае на нашае жыццё, я вырашыла паступова адмаўляцца ад пластыку і весці жыццё ў стыле zero waste. Гэта прадугледжвае цалкам адмаўленне ад смецця і ад завялікай вытворчасці».

Да акцыі далучаліся і мінакі. Сярод іх – жыхарка Менску Ірына, якая ходзіць у краму выключна са сваёй торбай:

«Я далучаюся як мінак да гэтай акцыі. Таму што я лічу, што пластыкавыя пакеты – гэта вельмі шкодна для нашай экалогіі».

Эколагі кажуць, што сёння ў Беларусі большасць адкідаў па вазе – гэта пластыкавыя вырабы. Чым больш яго становіцца, тым болей адкідаў у нас з’яўляецца.

Паводле дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» у сярэднім кожны беларус выкарыстоўвае 400 пакетаў у год: то бок больш за пакет на дзень. Таму ініцыятыва «Покед пакет» і надалей будзе ладзіць акцыі і заклікае беларусаў пакрысе развітвацца з пакетамі.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu