У Менску масава судзяць мірных пратэстоўцаў


Больш за сто асобаў вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі ды непадпарадкаванні працаўнікам міліцыі. У сталічных судах масава судзяць мірных грамадзянаў, якія выйшлі ўчора на вуліцы сталіцы з нагоды не рэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы ў якасці кандыдатаў на прэзідэнцтва. Агулам у Менску затрыманыя больш за дзвесце асобаў, у тым ліку – дзясятак журналістаў. У сваю чаргу, кіраўніцтва менскай міліцыі заяўляе пра пацярпелых працаўнікоў, а Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. Затрыманыя, іхныя сваякі і праваабаронцы заяўляюць пра беспадстаўнасць рэпрэсіяў супраць мірных грамадзянаў.

Судовыя працэсы сёння адбываюцца шмат у якіх менскіх судах: тут судзяць людзей, масава затрыманых напярэдадні – у дзень рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнта. Вераніка Разанцава прыйшла ў суд Цэнтральнага раёну, каб адшукаць свайго мужа: Аляксандр Разанцаў напярэдадні быў у ізалятары часовага ўтрымання, але ягоны далейшы лёс невядомы.

«У ізалятары часовага ўтрымання мне сказалі, што ён у іх. Назвала імя, прозвішча – сказалі: так,

ёсць. Сказалі, што будзе суд. Магчыма, сёння – таму я сюды прыехала – менавіта ў суд Цэнтральнага раёну. А тут мне кажуць, што пратакол на яго не паступаў і калі будзе – невядома. Вельмі хвалююся за яго», – кажа Вераніка.

Паводле праваабаронцаў, толькі ў Менску затрымалі 245 грамадзянаў, якія выйшлі на вуліцы, каб гэтак выказаць нязгоду з адмоваю зарэгістраваць кандыдатамі на прэзідэнцтва Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. З гэтае нагоды зарэгістраваная кандыдатка Святлана Ціханоўская звярнулася да сілавікоў.

«Знайсці сваіх сяброў, сваякоў складана – прыходзіш у суд – невядома да каго звяртацца: усе разводзяць рукамі. Ніхто ніякіх дакументаў ня мае і ўсе ў стане нявызначанасці і чакання», – кажа сябар затрыманага Уладзіслаў Шумскі.

«У Менску ўжо небяспечна гуляць. Ты можаш гуляць у цэнтры гораду, у светлы час сутак і прапасці на невядомы час, з невядомых прычынаў. Я добра ведаю свайго брата і ведаю, што ніякіх ні парушэнняў, ні заклікаў, ні дзеянняў ён не чыніў», – кажа брат затрыманага Дзяніс Кліменка.

Акрамя мірных грамадзянаў, на менскіх вуліцах затрымалі дзесяць журналістаў, у тым ліку – карэспандэнтку «Белсату» Кацярыну Андрэеву. Нашая калега вяла наўпроставую трансляцыю, аднак вінавацяць яе ва ўдзеле ў масавай акцыі.

«Гэтым разам на мяне склалі пратакол не за распаўсюд прадукцыі СМІ – у мяне такіх пратаколаў, магчыма, дзесяць, а звінавацілі ва ўдзеле. І адметна, што пры гэтым падчас працы на мне была камізэлька з надпісам «прэса» – кажа журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.

Праваабаронцы заяўляюць, што масавыя затрыманні мірных грамадзянаў не абгрунтаваныя з гледзішча права і маюць на мэце застрашыць людзей.

«У людзей ёсць палітычныя патрабаванні, і дзяржава спрабуе максімальна гэты пратэст прыпыніць. І масавыя затрыманні, а паводле нашых падлікаў – гэта 290 чалавек па краіне і больш за 200 па Менску, у тым ліку журналісты, – гэта спроба запалохаць грамадства», – кажа праваабаронца «Вясны» Алег Пашкевіч.

Паводле кіраўніцтва менскай міліцыі, падчас учорашніх падзеяў пацярпела некалькі працаўнікоў у

пагонах. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу.

Галіна Абакунчык, «Белсат»