У Менску гвалтоўна перарвалі канцэрт з нагоды свята Незалежнасці Польшчы


Спачатку Саюзу Палякаў у Беларусі тройчы адмаўлялі ў памяшканні. Усё ў апошнюю хвіліну, пасля аплатаў і ўзгадненняў. Пазней, ужо ў чацвёртым месцы гвалтоўна перарвалі святочны канцэрт. Фармальна зрывам святкавання займаліся адміністратары памяшканняў. Аднак Саюз Палякаў пераконвае – без ціску ўладаў не абышлося.

Анджэліка Борыс, старшыня Саюзу Палякаў у Беларусі:

«Тры разы мусілі змяняць памяшканне, бо кожным разам была адмова. І вось, калі мы прыйшлі ў чацвёртую залу, праз 10 хвілінаў нам сказалі, што трэба пакінуць гэтую залу».

Менскія палякі не здаліся: хор усё ж такі паспеў заспяваць польскі гімн і яшчэ некалькі твораў. У адказ адміністрацыя будынку пачала гасіць святло.

Іх не спыніла ані вялікая колькасць прысутных – у зале было прынамсі 200 чалавек, ані наяўнасць на імпрэзе амбасадара Польшчы Артура Міхальскага. Патлумачыць свае паводзіны медыям работнікі адміністрацыі памяшкання адмовіліся.

Анджэй Пачобут, сябра Праўлення Саюзу Палякаў у Беларусі:

«Гэта крок з беларускага боку, жорсткі і цвёрды. Я магу прыгадаць, што таксама не быў дадзены дазвол на правядзенне святкавання ў Лідзе абсалютна зарэгістраванай легальнай арганізацыі «Таварыства культуры польскай зямлі лідскай».

А таму казаць пра нейкую выпадковасць – не выпадае.

Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Варшаве. Штогод 25-га сакавіка тут збіраюцца беларусы, каб адсвяткаваць Дзень Волі, прайсціся шэсцем з бел-чырвона-белымі сцягамі.

У польскай сталіцы, напрыклад, нікому нават не прыйдзе ў галаву чыніць перашкодаў беларускаму святу. Бо павага да культурнага жыцця нацыянальных меншасцяў ёсць прыкметай дэмакратычнага ладу.

У Беларусі ж спакойна адзначыць свае святы не могуць і самыя беларусы. Трапляюць пад ціск і мясцовыя палякі, нягледзячы на тое, што апошнім часам стасункі між афіцыйным Менскам і Варшавай палепшыліся, прынамсі, калі меркаваць паводле частых візітаў у Беларусь польскіх урадоўцаў.

Анджэй Пачобут, сябра Праўлення Саюзу палякаў у Беларусі:

«Тыя сустрэчы на высокім узроўні, яны паказалі, што вялікага прарыву няма. Прычына ў тым, што беларуска-польскія адносіны вельмі нацягнутыя, ляжыць цалкам на беларускім баку».

Амбасада Польшчы ў Менску справу пакуль не каментуе.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu