У Менску адкрылі помнік аднаму з найбуйнейшых даследчыкаў рэпрэсіяў


Заходнія могілкі, што за 23 кіламетры ад Менску. Не зважаючы на кепскае надвор’е, сёння тут людна. Літаратары, мастакі, палітык і грамадскія актывісты – на адкрыцці помніку Леаніду Маракову.

Гісторык, пісьменнік і журналіст, але найбольш быў вядомы як даследчык сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі. У 2016-м годзе ён памёр ад цяжкае хваробы.

«Тое, што ён паспеў зрабіць, тое, што ён змог знайсці летапіс, больш за 20 000 біяграфіяў асоб, якія пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсіяў, гэта ўжо помнік яму, і таму нельга было нешта не зрабіць дзеля ягонай памяці, тым больш у яго тут не засталося родных», – распавядае Барыс Пятровіч, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Усевалад Сцебурака, Саюз беларускіх пісьменнікаў, расказвае:

«Ён часта насуперак рабіў адзін, насуперак супраціўленню, якое аказвалі органы, якія проста не хацелі адкрываць сваіх дзвярэй са зразумелых прычынаў. І тое, што рабіў Маракоў, многія людзі лічылі абсалютна немагчымым, казалі, ды немагчыма знайсці дзясяткі тысяч прозвішчаў, святароў, дактароў».

Унікальнасць асобы Леаніда Маракова ў тым, што ён адзін рабіў працу аб’ёмам цэлага навуковага інстытуту. Пры гэтым не быў прафесійным навукоўцам, але быў фанатам сваёй справы. Падымаў архівы ў КДБ ды вяртаў з небыцця імёны забітых і рэпрэсаваных.

Часта такія асобы застаюцца не заўважаныя дзяржаваю. Помнік паўстаў пры падтрыманні няўрадавай арганізацыі «Саюз беларускіх пісьменнікаў», а таксама грамадскіх актывістаў і неабыякавых людзей. У яго аснове – крыж Еўфрасінні Полацкай, тэкст упісалі ў мур. Ігар Засімовіч, скульптар, аўтар помніка, расказвае:

«Унізе там след ад куль, такі чырвоны разлом на зямлі. І брук таксама – тут сімвалічнае, што гэта шлях, гэта чалавечыя лёсы».

Леанід Маракоў быў не толькі апантаным даследчыкам і пісьменнікам, але і актыўным грамадскім дзеячам. Ён выступаў за тое, каб 29-га кастрычніка ўпісалі ў дзяржаўны каляндар жалобных датаў. Вячаслаў Сіўчык, рух салідарнасці «Разам», тлумачыць:

«Я вельмі спадзяюся, што нарэшце калісьці ў Беларусі будзе Інстытут нацыянальнай памяці, гэтая ўстанова абсалютна неабходная ў нашай сітуацыі, і вельмі спадзяюся на тое, што Інстытут нацыянальнай памяці будзе мець імя Леаніда Маракова».

Спадчына Маракова – хронікі, апавяданні, біяграфіі, раманы, агулам дзясяткі кніг, сярод якіх 10-цітомная энцыклапедыя пра рэпрэсаваных. А таксама больш як 20 тысяч біяграфіяў расстраляных ці загінулых у Гулагу. Сімвалічна, што адкрыццё помніку прымеркавалі да самае крывавае ночы ў гісторыі нашае краіны, калі працаўнікі НКВД вынішчылі эліту нацыі.

У тую ноч быў забіты і дзядзька Леаніда Маракова, паэт Валерый Маракоў. Уласна, адкрыццё гэтае праўды падштурхнула да напісання яшчэ адной кнігі – «Толькі адна ноч». У ёй распавядаецца пра забітых, а таксама раскрываюцца імёны тых, хто забіваў.

Таццяна Уласенка, belsat.eu