Спорт для сэрца і цела. У Менску адбыліся рэспубліканскія спартовыя гульні для пацыентаў з сэрцаваю няздатнасцю, а таксама для тых, хто перанёс трансплантацыю гэтага найважнейшага органа. Імпрэзу зладзілі ў сталічнай «Менск-Арэне».
Кажуць удзельнікі гульняў:
«Я нічога не змяняў. Жыву, як і жыў. Рэгулярна прымаю лекі, дысцыплінавана. І больш нічога».
«У юнацкія гады, у 9 класе, выканаў кандыдата майстра спорту па веласпорце ў Львове на трэку. Заўсёды быў спартовым, актыўным, і цяпер актыўны, не зважаючы на першую групу інваліднасці».
Апрача індывідуальных эстафетаў, да прыкладу, велагонак, медболу і стрытболу, спартовая імпрэза ўключала і камандавыя спаборніцтвы. А на фінішы ўдзельнікаў чакалі этапы з ацэнкай асноўных правілаў вымярэння артэрыяльнага ціску, пульсу і майстар-клас па здаровым харчаванні.
«Гэтых пацыентаў я не пазнаю. Яны былі іншыя да аперацыі. Цяпер яны абсалютна здаровыя людзі, і мне прыемна, што яны тут бяруць удзел», – кажа Юрый Астроўскі, кіраўнік лабараторыі хірургіі сэрца РНПЦ карыдыялогіі.
Адзначае Алеся Шатава з лабараторыі сэрцавай няздатнасці:
«Мэта гэткай імпрэзы – каб пацыенты маглі спаткацца і паразмаўляць адно з адным, падзяліцца набалелымі праблемамі. У нефармальнай абстаноўцы – тут вялікая колькасць дактароў – яны падыходзяць, задаюць нам пытанні, якія яны не могуць ці саромеюцца задаць падчас нашых сустрэчаў у стацыянары».
Арганізатары спадзяюцца, што такія гульні прыцягнуць увагу беларусаў да прафілактыкі сэрцавых хваробаў і заадно прадэманструюць вынікі апошніх методык іх лекавання.
Віталь Бабін, «Белсат»