У Магілёве з насельніцтвам 380 тысяч чалавек па-беларуску навучаецца толькі 33 дзіцяці


Па-беларуску не кажуць, але падтрымліваюць мову цалкам! Гэты парадокс не пакідае балючага для шматлікіх людзей моўнага пытання. У Магілёве трывае праца такіх жыхароў з прадстаўнікамі ўлады, каб не толькі лічылі – ёсць ці няма попыту на беларускамоўнае навучанне, а разам стваралі гэты попыт.

Першакласнік Павел Лазавы наведвае адзіны ў Магілёве садок, у якім ёсць беларускамоўная група. У яслях нумар 79 на мове выхоўваюць 16 дзетак. Алена і Зміцер Лазавыя, бацькі Паўла, садок №79:

«Кажуць нам «добрай раніцы», «да пабачэння», «дзякуй»… далучаюць нас да вытокаў беларускай мовы! Наш сярэдні сын, перад тым, як весці яго ў школу, я завожу яго спачатку маленькага, і сярэдні ўжо кажа выхавальніцы «добрай раніцы».

Выдатна, калі сям’я вучыцца ад малодшага. Яшчэ больш эфектыўна – калі навука ідзе ад дарослых. З беларускамоўнай сям’і ў адпаведны клас пайшоў у гэтым сезоне Леў Пундзік:

«Я вучуся ў 1Г, у ліку 7 дзяцей».

Бацькі задаволеныя з настаўнікаў і з якасці навучання. Здзіўленыя – што не стае падручнікаў…

«Па якіх навучацца на мове. Падручнікі ёсць і 20-гадовай, і 30-гадовай даўніны. Здаецца, нават савецкія падручнікі ў іх я бачыў», – распавядае бацька першакласніка Мікалай Пундзік.

«Попыт мае нарадзіць прапанову» – чуем ад чыноўнікаў гарвыканкаму. Намесніца старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ала Галушка гаворыць:

«Будзе больш ахвочых і больш заяваў – будзе больш школ, у якіх будуць арганізаваныя гэтыя класы. Будзе цалкам інакш настойвацца метадычная праца».

Цяпер у абласным цэнтры з насельніцтвам у 380 тысяч чалавек толькі 4 класы з беларускамоўнаю формаю навучання.

Школа №1:

2 клас – 3 вучні

9 клас – 1 вучань

Школа №34:

1 клас – 7 вучняў

3 клас – 6 вучняў

Садок № 79:

16 дзяцей

Ці паўстане другі садок, у Казіміраўцы, паведаміць упраўленне адукацыі. Раіса Аўсеенка, Упраўленне адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму:

«Будзем вывучаць запыт бацькоў, каб была поўная група, бо мікрараён вялікі. Усе абʼявы на сайтах размешчаныя, усіх бацькоў папярэджваем – робім абʼявы на бацькоўскіх сходах».

Усё гэта гучыць пад час сустрэчы, якую зладзілі Таварыства беларускай мовы і аддзел упраўлення адукацыі гарвыканкаму і раёнаў. Назвалі круглы стол – «Папулярызацыя беларускамоўнага навучання».

«Я прыйшла і ў мяне сэрца ў грудзі заціснула! Я беларус, я жыву ў сваёй краіне, і для маёй мовы… папулярызацыю робяць! Прабачце – гэта вельмі непрыемна», – дзеліцца настаўніца на пенсіі.

На справе беларуская мова не мае і чвэрці правоў, якімі карыстаецца другая канстытуцыйная – расейская. Нават у сталіцы па веды на мове трэба ехаць у пэўныя ўстановы, што стамляе дзяцей і бацькоў. Вячаслаў Турандзін, бацька вучаніцы беларускамоўнага класу, кажа:

«Мы цяпер адстойваем тую вось нацыянальную ідэнтычнасць, якая нас адрознівае ад усяго астатняга расейскамоўнага свету».

Не ўсе вераць у моц гэтай ідэнтычнасці. Ірына Жабарава, Упраўленне культуры Магілёўскага гарвыканкаму:

«Напрыклад, будзем мы па-беларуску размаўляць, значыць мы будзем грамадзянамі нашай краіны? Не, калі ў нас не будзе агульнай культуры, у якой і традыцыі, і патрыятычнае выхаванне, усё ў сукупнасці мае быць, і мова ў сукупнасці».

Таму пра пэўныя крокі дамовіліся: уводзіць сацыяльную рэкламу на мове, заахвочваць бацькоў да адпаведнага навучання і культурныя імпрэзы старацца праводзіць па-беларуску. Дзеля гэтага – мову трэба ведаць!

«Кіраўніцтва нашай адукацыі, ідэалогіі і культуры ў нашым горадзе самі не валодаюць моваю, не ведаюць нашай гісторыі і культуры, і мне падаецца, што для іх гэта досыць чужое», – заяўляе Алег Дзьячкоў, Таварыства беларускай мовы, Магілёў.

А ці можна пра чужое дбаць гэтаксама трапётка, як пра сваё?

Юлія Цяльпук, belsat.eu