У Магілёве праходзіць фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа»


Фестываль «Магутны Божа» 23-ці раз праходзіць у Магілёве. Імпрэза паўставала з грамадскай ініцыятывы і праходзіла пад бел-чырвона-белымі сцягамі, а цяпер фэст манапалізавала дзяржава, і ён ператварыўся ў зусім іншае свята. Але вернікі працягваюць наведваць імпрэзу, бо гэта ўнікальная магчымасць паслухаць выступы харавых і вакальных калектываў, а таксама арганныя канцэрты.

У цэнтры Магілёва праходзіць праваслаўная выстава-кірмаш. Гэта адная з пляцовак духоўнага фестывалю «Магутны Божа».

Сястра міласэрнасці Ірына са Свята-Елісавецінскага манастыра распавядае:

«Праходзіць акцыя: адно Евангелле ў рукі кожнаму чалавеку, жыхару гораду. У славу Бога, бясплатна. Каб кожны мог чытаць слова Бога, добрую весць».

Усе астатнія пляцоўкі фестывалю «Магутны Божа» музычныя. На плошчы Зорак штодзень з 18 да 26 траўня ўдзень выступаюць магілёўскія артысты, а ўвечары – госці фестывалю з іншых краінаў.

Спявачка Арыядна прыехала з Рыгі, дзе яна працуе настаўніцай англійскай мовы і кіруе хрысціянскім крызісным дзіцячым цэнтрам. Арыядна, кажа:

«Праз песні я магу перадаць тое, што можа дапамагчы. Бо ў свеце столькі цемры, столькі ў свеце суму, людзі не ведаюць выйсця».

Іншая ўдзельніца фестывалю – спявачка і скрыпачка Ганна – прыехала з Ізраілю:

«Таксама ў маім жыцці была цяжкая хвароба і Бог ацаліў. Таму ўсё маё жыццё прысвечанае, пакладзенае да ягоных ног, каб праслаўляць яго, каб яго імя праслаўлялася», – кажа Анна Гофман з Ізраілю.

Галоўнаю пляцоўкаю фестывалю «Магутны Божа» традыцыйна выступае касцёл Спачыну Найсвяцейшай Дзевы Марыі і святога Станіслава. Тут праходзяць арганныя канцэрты і конкурс харавых ды вакальных калектываў, пераможца конкурсу сёлета атрымае дзве тысячы долараў.

«Гэты фестываль неабходны, як евангелізацыя. Божае слова мае цудоўны дар, як патрапіць у сэрца. І там яно прарасце заўсёды, дасць гэты плён», – кажа каталіцкі святар айцец Віталій.

Фестываль «Магутны Божа» узнік у 1993 годзе з грамадскай ініцыятывы, але пасля зрабіўся цалкам дзяржаўным. Некалі штогадовую імпрэзу цяпер ладзяць раз на два гады, скарацілася і колькасць краінаў-удзельніц.

У ранейшыя гады на фестывалі выступалі Ганна Каржанеўская, Зінаіда Бандарэнка, гурт «Уліс». Цяпер шмат каму бракуе той атмасферы. Наведнікі фестывалю кажуць:

«Лунае дух, Божы дух, тут людзі спявалі «Магутны Божа». І гэты «Магутны Божа» можна было ўдзень пачуць некалькі разоў, хор, дзеткі, акапэльна, спявалі ўсе».

«Гэта было такое свята для гораду, свята, разумееце? Такое вось, ну, цяпер нешта змянілася».

«Магутны Божа», адзіны фестываль духоўнай музыкі на Магілёўшчыне, за два дзесяцігоддзі цалкам змяніў сваю афарбоўку, але мэта ягоная засталася тая самая – аб’яднаць у музычнай творчасці праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў.

Вольга Васільева, belsat.eu