У магілёўскім доме ад вільгаці па пакоях поўзаюць вужы


У трохпакаёвай кватэры разам з сям’ёй Свірыдзенкаў пражывае цвіль. Яна ў зале, у спальні, нават у прыбіральні – паўсюдна. Рамонт рабілі: шпаклявалі, тынкавалі – не дапамагло. Неўзабаве грыбок вярнуўся.

«Пражываем з дзеткамі, з трыма дзецьмі і, канечне, з цвіллю дрэнна жывецца. Бо яна нікуды не знікае, то бок пазбавіцца ад яе вельмі цяжка», – кажа шматдзетная маці Дзіяна Свірыдзенка.

Суседзяў Дзіяны такім не здзівіць. Кожны жыхар дому 69 на вуліцы Ямніцкай у Магілёве вядзе ўласную вайну з цвіллю ў сваёй кватэры. І падобна, што пакуль сілы не на баку людзей.

«У 2013 годзе мы зрабілі рамонт. У нас ідзе цвіль. Увесну, калі ішла вялікая залева, у нас залева была ў кватэры», – кажа Таццяна Долгая.

«Паглядзіце, шафа знаходзіцца на другім баку кватэры, а атрымліваецца, паглядзіце, што з абуткам. Каму можна прад’явіць прэтэнзіі наконт гэтага?» – скардзіцца Алена Ветрава.

Вільгаць у кватэрах стварае пакуты людзям, затое прываблівае паўзуноў. Пра гэта сведчыць жыхарка дому № 69 на вул. Ямніцкай Лідзія Пісарава:

«Я мяняла на кухні, вось тут у спальні і ў калідоры. Падлога згніла. А яшчэ хачу сказаць, што ў мяне вужы па кватэры поўзаюць. Звычайна, ад вільгаці вужы поўзалі па пакоях».

Жыхары бачаць прычыну сваіх няшчасцяў у прамярзанні, выветрыванні і зацяканні сценаў і даху. Дому ўсё ж 46 год. Экскурсію вакол дому праводзіць Лідзія Афанасьева:

«Нават цэгла павылазіла са сценаў, павыкідалася. Вось што гэта рабіць? Ці наш дом не аварыйны? Уляганне дом дае, бачыш, якія расколіны, хутка ўжо падмурак зусім разваліцца, і колькі можна прасіць і звяртацца»?

З просьбаю пра капітальны рамонт людзі пачалі звяртацца ў гарвыканкам яшчэ 3 гады таму. Дом ставілі ў чаргу на рамонт, але пераносілі тэрміны. Цярплівасць жыхароў скончылася, калі капітальны рамонт у іхным доме зноўку перанеслі. За перапіску з чыноўнікамі адказная Святлана Варапаева:

«На 2020 год паставілі. Мы і чакаем, чакаем. 2020 год падыходзіць, а нас на 21 перанеслі. Нас гэта не задавальняе!»

Сваю нязгоду жыхары выказалі ў калектыўным звароце да старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Леаніда Зайца. Адказ прадстаўнікі жыллёва-камунальных прадпрыемстваў прыехалі даваць асабіста. Ім зрабілі вялікую экскурсію па кватэрах, у якіх пасялілася цвіль, вільгаць і прапаўзаў вуж.

Пракаментаваў сітуацыю кіраўнік аддзелу эксплуатацыі жылфонду Магілёўскага аблвыканкаму Артур Гарбакоўскі:

«У праект на капітальны рамонт у бягучы графік 2020 года ўключаны ўказаны жылы дом. Адпаведны чынам да пачатку выканання работ будзе зроблена перадпраектная дакументацыя, абследаванне».

Сустрэчай людзі засталіся задаволеныя. Хоць яны ўжо не раз чулі абяцанкі, што ў іхным доме вось-вось пачнецца капітальны рамонт, у жыхароў усё адно застаецца надзея, што менавіта гэтае абяцанне выканаюць.

Вольга Васільева belsat.eu