У «лукашызацыі» Расеі Пуцін пераплюнуў Лукашэнку. Кара-Мурза пра прэзідэнцкія выбары ў Расеі


Налета Уладзіміра Пуціна чакае чарговая інаўгурацыя, перакананыя ўдзельнікаў форуму расейскай апазіцыі, які прайшоў у Вільні на запрашэнне літоўскіх уладаў.

Былы старшыня расейскага ўраду Міхаіл Касьянаў адзначае, што і яўка, і вынік на выбарах можа быць падобны да беларускіх.

«Гэтых выбараў нават можна не разглядаць, проста я абвяргаю любое разважанне на гэтую тэму: Пуцін ужо назначаны», – кажа Касьянаў.

Беларускі сцэнар развіцця падзеяў у Расеі дапускае і Уладзімір Кара-Мурза.

«Калі толькі Пуцін прыйшоў да ўлады і пачынаў згортваць дэмакратычныя свабоды, наступаць на вольнасць медыяў, пераследаваць апазіцыю, была такая фраза «лукашызацыя Расеі» – што пуцінскі рэжым рухае Расею па шляху Беларусі. Дык мы можам сказаць, што ў гэтай »лукашызацыі« Пуцін пераплюнуў Лукашэнку», – заяўляе публіцыст.

Як і беларускія апазіцыйныя лідары падчас апошніх выбараў, расейскія дзеячы бачаць сэнс удзелу ў выбарах пераважна ў прасоўванні ў грамадства сваіх ідэяў ды ў дэманстрацыі: альтэрнатыва «цару» ёсць.

«Я не выключаю, што адзінай магчымай стратэгіяй апазіцыі на гэтых выбарах будзе прапанова людзям галасаваць супраць усіх кандыдатаў. Прапанаваць людзям напісаць у бюлетэнях тое, што яны хочуць напісаць», – кажа Міхаіл Хадаркоўскі.

Былы кіраўнік ЮКОС называе тры магчымыя сцэнары падзеяў: Пуцін пераможа і сыдзе ў канцы тэрміну або крыху раней, Пуцін н(я) пойдзе на выбары, але выставіць пераемніка, ці апошні – найгоршы сцэнар: (й)існы прэзідэнт застанецца пажыццёва. Але, паводле Міхаіла Хадаркоўскага, калі ў Расеі ўсё ж настануць перамены, трэба будзе хутка шукаць развязанне назапашаных праблемаў у дачыненнях з Захадам. А таму варта будаваць прыватныя ды зразумелыя кантакты, што і дазваляе віленскі форум. Гаспадары пляцоўкі называюць і іншыя мэты.

«Есць сігнал і вестачка тым хто хоча манапалізаваць, так бы мовіць, Расею, і сказаць: «Расея гэта мы, гэта ўлада». Я думаю што Расея таксама і пісьменнікі, інтэлектуалы, змагары за правы чалавека, якія тут, – яны таксама Расея і яны хочуць пра сябе нагадаць», – кажа міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

Таму, паводле Лінаса Лінкявічуса, сустрэча расейскіх элітаў у Вільні мае ўсе шанцы зрабіцца традыцыяй.

Марына Вашкевіч