У Літве – вучэбная эвакуацыя на выпадак аварыі на БелАЭС


Беларусь не паведамляе аб аварыі на Астравецкай атамнай электрастанцыі, але Літва, забяспечаная ўласныя сістэмамі маніторынгу, рэагуе. Антырадыяцыйныя вучэнні з такім сцэнаром праходзяць у Літве. Пытанне забеспячэння бяспекі не таннае для Літвы, але неабходнае.

У межах гэтак званых «Астравецкіх вучэнняў» сёння эвакуявалі па 50 добраахвотнікаў з літоўскага гораду Швянчоніс у Зарасайскі раён і з Вільнюскага раёну ў муніцыпалітэт Кальварыя. Гэтак мясцовыя набываюць веды, як дзеяць у выпадку радыяцыйнай небяспекі.

«Нам трэба будзе ўключыць радыё, каб пачуць, што кажуць улады, паехаць у пункт эвакуацыі, зарэгістравацца і прыняць таблеткі ёду».

«Атамная станцыя недалёка ад нас, трэба, каб людзі ўсё ведалі».

«Абсалютна не адчуваю ніякай пагрозы», – кажуць жыхары Швянчонісу.

Гэта другі з чатырох дзён вучэнняў, падчас якіх літоўскія адмыслоўцы змадэлявалі сцэнар, калі Беларусь не паведамляе пра выцек радыяцыі з Атамнага аб’екту, а забяспечаная ўласнымі сістэмамі маніторынгу забруджвання Літва рэагуе самастойна. Учора быў першы дзень умоўнай агульнанацыянальнай трывогі… А 10.15 раўлі сірэны, а жыхарам краіны даслалі паведамленні ад небяспецы:

«Дэпартамент пажарнай бяспекі і выратавання інфармуе, што праводзіцца праверка сістэмы апавяшчэння насельніцтва, падчас якой будуць уключаныя сірэны. Просім захоўваць спакой, уключыць Літоўскае радыё або тэлебачанне. Пасля заканчэння працы сірэн выслухайце інфармацыю. Больш падрабязная інфармацыя на сайтах pagd.lrv.lt і lt72.lt».

Агулам 24 дзяржаўныя ўстановы задзейнічалі ў працэсе. Гэта 300 службовых асобаў, дадаткова вайскоўцы і службоўцы з 6 муніцыпалітэтаў – рапартуе ўлада.

Рыта Тамашунене, міністр унутраных справаў Літвы:

«Мы сапраўды не можам быць задаволеныя гэтаю атамнай электрастанцыяй, і ў рэшце рэшт мы будзем патрабаваць закрыць яе. Безумоўна, яны робяць усё гэта з парушэннямі, а мы спрабуем супрацьстаяць. Мы таксама мусім рыхтавацца да рэагавання, таму праводзім гэтыя вучэнні. Спраўджваем, як узаемадзейнічаюць нашыя інстытуты апавяшчэння грамадскасці. Толькі гэтак можна праверыць».

Атамны аб’ект, які праз гады будаўніцтва блізкі да ўваходу ў эксплуатацыю, не выклікае даверу ў краінах Захаду і шэрагу профільных міжнародных арганізацыяў. Таму блізкая да станцыі Літва мусіць выдаткоўваць дзяржаўныя грошы на супрацьрадыяцыйную бяспеку. Каля мільёну еўраў пайшло толькі на закуп 4-х мільёнаў таблетак ёду – для літоўскага насельніцтва, якое трапляе ў 30-кіламетровую зону ад рэактараў.

Лінас Лінкявічус, міністр замежных справаў Літвы:

«Мы спрабуем размаўляць з беларусамі, хаця разумеем, што гэта, магчыма, не іхная ініцыятыва – пабудаваць гэтую АЭС (давайце казаць адкрыта). Гэта грошы Расатаму, тэхналогіі, пазыкі і, магчыма, нейкія геапалітычныя прычыны. Гэта не азначае, што станцыя не важная для Беларусі. Аднак нас насцярожвае, што АЭС у 50 кіламетрах ад Вільні, але ў 150 кіламетрах ад Менску».

У Беларусі, якая ў снежні запусціць першы энергаблок, аніякіх паведамленняў пра рызыкі…

Ірына Сухій, сябра Рады ГА «Экадом»:

«Расатам зацікаўлены ў стварэнні замежных праектаў, тым больш, што яны ў іх адзін за другім саскокваюць. Таму Беларускую АЭС хочуць запусціць, на мой погляд, што б ні адбывалася».

Ірына Сухій кажа, што падчас будаўніцтва ад грамадскасці ўтойваюць інфармацыю пра праблемнасць праекту:

«Гэта безумоўна дае нам падставы меркаваць, што пры нейкіх інцыдэнтах будзе спроба замоўчвання».

Таму літоўскі бок пад пільным вокам назіральнікаў з Брытаніі, Латвіі, Эстоніі і Польшчы адпрацоўвае дзеянні ў такой сітуацыі. На заўтра запланаваная радыелагічная выведка з зямлі і паветра. Вынікі вучэнняў Міністэрства ўнутраных справаў Літвы падвядзе ў пятніцу

Юлія Цяльпук belsat.eu