Аб'ектыў 12.08.2018 У кватэрах – цвіль, камунальнікі не рэагуюць. Як жывуць людзі ў «нафтавай сталіцы» Беларусі


Прыходзіш аднойчы дадому, а ў цябе мокрыя сцены. Затапілі суседзі зверху? Не абавязкова. Ёсць і іншы варыянт. Менавіта з ім і сутыкнулася маладая сям’я з Наваполацку.

«Мы тут жывём ужо два гады з маленькім дзіцём у аднапакаёвай кватэры ды просім пра дапамогу камунальнікаў. У нас цякуць швы ў панэлі. Кожную восень у нас наскрозь мокрыя сцены, паўсюль цвіль, паўсюль грыбок», – кажа жыхарка дому №24 на вул. Якуба Коласа Дзіяна Пісаранка.

Камунальнікі рэагуюць на звароты сямʼі – прыходзяць, аднак не складаюць аніякіх актаў агляду сценаў.

«Першы раз прыйшлі і сказалі, што ў нас праблемы з выцяжкаю, але там усё было добра. Другі раз выклікалі – мне намякнулі, што нібыта я ў гэтым вінаватая, маўляў, самая абліваю вадою сцены. Сказалі, што прыйдуць у лістападзе. Але які сэнс прыходзіць, калі дадуць ацяпленне? Сцены будуць сухія. Што вы там пабачыце?» – разважае Дзіяна Пісаранка.

Сапраўды, праблема часткова праходзіць у ацяпляльны сезон, але калі батарэі адключаныя – грыбок вяртаецца. Камунальнікі наракаюць на гаспадароў, што яны як след не ветраць кватэры ды сушаць у пакоі рэчы.

«Увосень рэчы сохнуць тыдзень! Камунальнікі сказалі, што ў кватэры ўвогуле нельга сушыць рэчы. Але мы жывём у аднапакаёўцы, дзе мне іх сушыць?» – кажа Пісаранка.

Кватэра раней належала свекрыві Дзіяны. Жанчына набыла аднапакаёўку амаль 20 гадоў таму.

«Усё ж такі хіба трэба швы прамазаць. З таго моманту, як я набыла кватэру, ні разу тут ніхто нічога не рабіў. На вонкавым баку дому я ні разу не бачыла, каб штосьці рабілі, падмазвалі швы ці нешта такое. Можа, ужо па часе трэба», – адзначае Ірына Пісаранка, былая гаспадыня кватэры.

Праблема герметычнасці швоў у панэльных дамах даволі звычайная для Беларусі. Як і нежаданне камунальнікаў яе развязваць.

«Паколькі ЖКГ гэтую праблему аніяк не развязвае (адпіскі стандартныя па ўсёй Беларусі пра няслушнае ветранне памяшканняў), грамадзянам даводзіцца звяртацца ў суд. У дасудовым парадку гэтае пытанне развязваецца так: спажывец мае права на атрыманне якасных паслуг ЖКГ у поўным абʼёме», – падкрэслівае праваабаронца Ірына Траццякова.

Шпалеры, якія адклейваюцца ад мокрых сценаў, – гэта найменшая з праблемаў.

Квадратны метр цвілі за содні вылучае каля мільёна таксічных спораў. Жыццё ў такіх умовах прыводзіць да развіцця бронха-лёгачных хваробаў, якія нярэдка канчаюцца астмаю.

Міхась Ільін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары