У Курапатах экскаватары прайшліся па культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння


Курапаты маюць статус Гісторыка культурнай каштоўнасці ПЕРШАЙ катэгорыі, то бок гэта ўнікальная духоўная эстэтычная каштоўнасць, якае ўяўляе міжнародную цікавасць. Адным словам – экскаватары прайшліся па дакуменце, цікавым для ўсяго свету, але ўнутры краіны – дагэтуль спрэчнага і не для ўсіх каштоўнага.

Каб будаўляны аб’ект вартавалі сілавікі? Узвядзенне агароджы вакол мемарыяльнага лесу ў Курапатах учора пераўтварылі ў спецаперацыю. Вольга Мікалайчык, рэжысёрка, грамадская актывістка:

«З боку заслаўскай дарогі, якую будуць пашыраць, мяне схапілі пад рукі маладыя міліцыянты ў цывільным і цягнулі, каб выпіхнуць за гэтую агароджу».

З 1937 па 1941 год Курапаты таксама былі агароджаныя. Толькі гэта быў глухі плот вышынёю 3 метры. За ім масава нішчылі беларускую інтэлігенцыю ды замежнікаў. Расстраляных хавалі ў сотнях вялікіх ямінаў – па 50-60 целаў у кожнай. Перакладчык і паэт Андрэй Хадановіч:

«Знішчалі ўсіх ці амаль усіх. Знішчалі нават тых хто вельмі стараўся падабацца савецкай уладзе».

Дзякуючы першым даследнікам Курапат Зянону Пазняку і Яўгену Шмыгалёву ў 1988 годзе распачаліся расследаванні, выснова якіх – нішчылі насельніцтва сталіністы. Дзесяць гадоў таму Зянон Станіслававіч узгадваў:

«Гэта ўскалыхнула ўсіх! Гэта быў вельмі важны момант для пачатку нацыянальна-вызваленчага руху. Яшчэ ў 1974 годзе я марыў, што з’явяцца такія абставіны і тысячы людзей прынясуць на сваіх плячах сюды Крыж, і паставяць яго, і ўвесь свет будзе пра гэта ведаць. І гэтак сталася», – Зянон Пазняк, першы даследчык Курапат.

На працягу наступных дзесяцігоддзяў Крыжы тут усталёўвала грамадскасць – спачатку сябры Беларускага Народнага Фронту, потым – іншых аб‘яднанняў і партыяў, замежныя дэлегацыі, нашчадкі рэпрэсаваных… Перыядычна крыжы нішчылі вандалы.

«З 1994-га года да практычна 2016-га года, калі стварылі круглы стол у «Советской Белорусии» па праблемах мемарыялізацыі Курапат – гэтая тэма выпала з дзяржаўных медыяў і ўвогуле не згадвалася ні ў станоўчым, ні ў адмоўным кантэксце», – кажа гісторык Ігар Кузняцоў.

Згаданы круглы стол арганізавалі ў адказ на пратэсты абаронцаў Курапат, якія супрацьстаялі пабудове бізнес-цэнтру ў тамтэйшай зоне. Кропку ў гэтай справе мусіла паставіць усталяванне Дзяржаўнага памятнага знаку – кажа даследнік тэмы сталінскіх рэпрэсіяў, адзін з ініцыятараў Грамадскага трыбуналу над сталінізмам Ігар Кузняцоў.

«Дзяржава прынамсі ў такой форме мелася прызнаць наяўнасць гэтае праблемы, больш не спекуляваць на тэму таго, хто там расстрэльваў. Але гэтага не адбылося», – гаворыць Ігар Кузняцоў.

Пад час «Вялікай размовы» Аляксандр Лукашэнка зноў пачаў мяшаць у галовах, кажучы: «Немцы там стралялі, сталіністы ці яшчэ нехта».

На вачах некалькіх дзясяткаў журналістаў і актывістаў учора дзяржава выкарчавала 70 найбольш высокіх крыжоў, усталяваных летась па перыметры мемарыяльнага лесу. Людзі шкадавалі і абураліся, але ці гатовыя ўступіцца?

«Не, мабыць не гатовы. Я падтрымліваю гэтых хлапцоў, але сам, на жаль, я не магу».

«Думаю, гэта кампетэнтныя органы павінныя з гэтым разбірацца, прасты чалавек не можа вырашаць такія пытанні».

«Трэба неяк змагацца. Як – яшчэ не ведаю».

«Петыцыю, калі можна, падпісаў бы».

На ўсё ў свеце ёсць прычына кажа публіцыст Уладзімір Халіп:

«Столькі гадоў дыктатуры, прычым пры абсалютна дзікай і нецывілізаванай уладзе не прайшлі бясследна. Сёння адбываецца тое, што павінна адбывацца з людзьмі ў зоне».

ПРАВІЛЬНА разумець, што адбываецца, людзям падказвае газета «Беларусь Сегодня»:

«Каля сотні 5-метровых крыжоў, шчыра кажучы, шкада. З гэтага дрэва цалкам магло атрымацца нешта патрэбнае».

У гэтым і сутнасць – памяць, заўважная для кожнага здаля – дзяржаве не патрэбная.

Юлія Цяльпук, belsat.eu