У краіне налічылі паўмільёна «дармаедаў»


Міністэрства працы і сацыяльнай абароны зноў шакуе. У Беларусі налічылі паўмільёна «дармаедаў». Пра гэта заявіла міністарка Ірына Касцевіч. Што пагражае нашым суграмадзянам, і як рэалізацыя дэкрэту нумар 1 парушае Канстытуцыю?

«Да нас прэтэнзіяў не мае быць. Ані з боку сацыяльных паразітаў, ані з боку дармаедаў, ані з боку працоўных, інтэлігенцыі ды іншых. Кроў з носа мы павінныя развязаць гэтую праблему. Забяспечыць людзей працаю і сярэднім заробкам па краіне 500 долараў!»

Гэта кіраўнік Беларусі казаў яшчэ ў сакавіку 2017-га ў разгар пратэстаў недармаедаў. Мінула больш як паўтара года – па пяцьсот як не было, гэтак і няма. Работаю людзей не забяспечылі. З таго часу «незанятых у эканоміцы» толькі пабольшала. Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч налічыла іх ажно паўмільёна. Жыхары Віцебску распавядаюць:

«Ці лёгка ў Віцебску знайсці работу з добрай зарплатай? – Не думаю».

«У нас няма такога, каб адкрываліся новыя прадпрыемствы. А калі і знаходзіцца якая праца, то плоцяць за яе можа якіх 300 рублёў».

«Магу сказаць, што ведаю асабіста двух чалавек, якія нядрэнна ўладкаваліся ў Маскве».

Беларусы, якія жывуць за мяжой, сярод іншага, і трапляюць у катэгорыю гэтак званых дармаедаў. А сёння Мінпрацы яшчэ раз пацвердзіла – у спіс «незанятых у эканоміцы» занеслі нават тых, хто сплаціў падаходны падатак. Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюзу РЭП:

«Прапісана, што прымусовая праца забараняецца. Гэта артыкул 41 Канстытуцыі. А як бы ўлада хацела паказаць гэта, ці не паказаць. Ці гэты дэкрэт, ці дэкрэт нумар 3 – гэта ўсё роўна завуаляваная прымусовая праца».

Нягледзячы на цьмяныя фармулёўкі пастановаў, дакладна вядома, што «дармаедамі» маюць заняцца камісіі, сфармаваныя з чыноўнікаў, якія ў індывідуальным парадку могуць выкрасліць чалавека са спісу на падставе прынесеных дакументаў аб працаўладкаванні або «цяжкіх жыццёвых абставінаў». Да таго чыноўнікі цяпер могуць не толькі прапанаваць нейкую вакансію, але нават прымусова накіраваць у працоўна-лячэбны прафілакторый.

Да таго ж, цяпер ад «дармаедаў» дадатковыя грошы будуць вымагаць не праз падатак, а праз пакрыццё стоадсоткавага кошту паслугаў ЖКГ (Ад 1 студзеня 2019 – 100 % кошту за гарачую ваду, ад 1 кастрычніка 2019 – 100 % кошту за ацяпленне (як цэнтральнае, гэтак і індывідуальнае). Але і тут адмыслоўцы бачаць неадпаведнасці. Уладзімір Навасяд, дырэктар «Эфектыўнага кіравання будынкамі»:

«Прэзідэнт не раз заяўляў: «Дайце мне канкрэтную суму, колькі каштуе кілават-гадзіна, колькі каштуе гігакалорыя». Адказу дагэтуль няма. А ўсё таму, што ў нас субсідаванне на перакрыжаванае, а ў нас усё мераецца ў тарыфах. А тарыфы прызначаюць манаполіі».

А таму, паводле эксперта, аплата на сто адсоткаў – лічба суб’ектыўная. Але што рабіць людзям, якія трапілі ў спіс міністэрства? Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюзу РЭП:

«Не плаціць, па-першае. Мы гаварылі гэта на дэкрэт № 3, што не спяшайцеся плаціць гэтыя падаткі. І ў выніку яны былі адмененыя».

Праваабаронцы і незалежныя прафсаюзы зазначаюць: іхныя дзверы заўсёды адчыненыя. Кожнаму чалавеку, якому давядзецца мець справу з камісіяй аб дармаедах, акажуць індывідуальную дапамогу. Ранейшая спроба рэалізацыі дэкрэту выклікала нябачаныя пратэсты па ўсёй краіне. Застаецца пытанне, ці справакуюць улады чарговую пратэставую хвалю?

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / FORUM