Аб'ектыў 03.08.2018 У КДБ кожны трэці займаецца апазіцыяй


А падчас выбараў імі займаецца кожны камітэтчык.

Днямі былая сакратарка прафсаюзу РЭП Юлія Юхнавец прызналася, што з 2015-га супрацоўнічала са спецслужбамі. У дэмакратычных краінах наяўнасць агента дзяржбяспекі ў незалежным прафсаюзе выклікала б вялікі скандал і адстаўкі. У Беларусі ж згадваюць, што гэта далёка не першае сведчанне татальнага сачэння.

«Для мяне сюрпрызам было, што яна вось так нечакана публічна прызналася, нават у тым, што яшчэ атрымоўвала нейкія грошы», – пракаментаваў сітуацыю старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Вось так далікатная дзяўчына займалася зусім не бяскрыўднымі рэчамі. І дагэтуль удзельнічае ў справе, якая можа давесці лідараў Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці да 7 гадоў зняволення.

«Думаю, калі казаць пра прыярытэты спецслужбаў, то сёння яны ў першую чаргу звяртаюць увагу на маладых людзей», – кажа палітык Анатоль Лябедзька.

Тэма агентаў сярод беларускіх незалежных арганізацыяў усплывае спарадычна. Яшчэ ў 2009-м у інтэрнэце з’явіўся «Дзённік крыніцы». Яго аўтар – Сяргей Гаўрыхін. Гомельскі студэнт дакладна апісвае, як некалькі гадоў здаваў сваіх паплечнікаў:

«Я пісаў паведамленні каля двух разоў на тыдзень, звычайна пасля якога-небудзь сходу ці мерапрыемства, на якім я прысутнічаў. (…) Я пісаў пад дыктоўку супрацоўніка. Якое ж было здзіўленне, калі аднойчы ён стаў дыктаваць тое, чаго зусім не было. У асноўным, гэта былі фразы тыпу (…) «Яго мэтай з’яўляецца захоп улады неканстытуцыйным шляхам».

Супраца з Камітэтам не пачынаецца з позвы ў жоўты будынак на праспекце Незалежнасці. Афіцэр КДБ можа застаць вас знянацку ў любым іншым месцы – выканкаме або ўніверсітэце. Наш калега Яўген Меркіс сведчыць: КДБ спрабаваў завербаваць яго пры наведванні аддзелу рэгістрацыі грамадскіх арганізацыяў.

«Супрацоўніца гэтага аддзелу папрасіла як бы застацца яшчэ на пяць хвілінаў, бо ёсць нейкі начальнік, які хоча са мной паразмаўляць, які сядзіць у іншым пакоі. Ну я і пайшоў, думаў, можа, мы нешта няправільна запоўнілі. А там аказаўся такі шэры непрыкметны мужчына», – распавядае журналіст.

Непрыкметны мужчына пачынае распытваць пра твае погляды, пра тваіх сяброў. Пасля чаго можа падступна прапанаваць дапамогу ў жыцці. Або пачаць шантажаваць – як меркаваны афіцэр КДБ гомельскага актывіста «Зубра» Андрэя Зайцава, які не жадае супрацоўнічаць з кадэбэшнікамі.

«Што ты збіраешся рабіць пасля таго, як адправішся на сваю адседку? Сумная гісторыя, вядома. Шкада мне цябе. Такі малады хлапец, а так залятаеш. Гэта ж проста дурасць!», – кажа Зайцаву меркаваны камітэтчык.

20 снежня 2001 года Андрэя Зайцава знайшлі павешаным. Сімвалічна, загінуў ён у Дзень чэкіста. Калегі актывіста дагэтуль лічаць, што гэта невыпадковасць.

Летась шырокія сведчанні пра метады КДБ даў Сяргей Васільеў. Мужчына быў сакрэтным супрацоўнікам больш за 20 гадоў. Спачатку дапамагаў спецслужбам вылічваць прызыўнікоў, якія ўхіляюцца ад войска, потым – наркадылераў.

«Я не бачыў у гэтым нічога кепскага. Я хацеў працаваць у міліцыі, мяне не ўзялі. Я падумаў, што, можа, такім чынам змагу рабіць добрыя рэчы», – кажа Васільеў.

У выніку Васільеў быў вымушаны пераключыцца на апазіцыянераў і размяшчаць пасквілі на сайце «Гомель-бэст». А афіцэр КДБ раіў яму дадаваць абаротаў за кошт прарасейскіх публікацыяў на тэму Данбасу:

«Калі зараз раскручваць навінную структуру сепаратыстаў, з ЛНР, ДНР, людзей, якія ваююць, стралкоўцаў. Тыдзень па адной навіне ты будзеш класці кожны дзень, сем навінаў. Цягам тыдня ў цябе рэйтынг наведвальнасці, у цябе ад рэкламадаўцаў можа…».

Доўгі час сексот сустракаўся з агентамі, атрымліваў у канверце новыя сумы, наводкі ды задачы. Аж у нейкі момант зʼехаў жыць у Польшчу і публічна прызнаў сваю супрацу.

Новая хваля рэзанансных заяваў у шэрагах апазіцыі адбылася пасля Плошчы 2010 года. Спачатку з турмы выйшаў экс-кандыдат на прэзідэнта Алесь Міхалевіч, які заявіў, што падпісаў пагадненне з КДБ пад катаваннямі. Увосень 2011-га пра сваю супрацу заявілі лідары маўклівых пратэстаў. Яшчэ пазней – шэраг маладафронтаўцаў, у тым ліку Мікола Дземідзенка і Наста Дашкевіч прызналіся, што падпісалі паперы, быўшы ў засценках КДБ.

Чарговую заяву ў 2017 годзе зрабіў Сяргей Пальчэўскі – герой леташняй Курапацкай варты.

«Пагражалі таксама распавесці нейкія звесткі з асабістага жыцця. Пагражалі таксама, як гэта культурна сказаць – «прэс-хата» гэта называецца», – распавядаў Пальчэўскі.

Ці ўдалося чэкістам зламаць грамадзяніна – гэта адна справа. Важна, як да гэтага ставіцца сам чалавек, які падпісаў пагадненне.

«Вось гэтая планка патрабаванняў да чалавека і грамадзяніна з кожным года – яна зніжаецца. Я думаю, што мы недаацэньваем усе маштаб гэтай праблемы. Калі прыняць да ведама словы Аляксандра Лукашэнкі, што КДБ – гэта больш за 15 тысяч супрацоўнікаў, гэта азначае, што з іх штодня траціна працуе з актывістамі палітычных арганізацыяў», – лічыць Анатоль Лябедзька.

А можа нават і больш. Бо нягледзячы на розную профільнасць, у крытычныя моманты ўсе камітэтчыкі абʼядноўваюцца дзеля адной мэты.

«Калі ў нас ідзе падрыхтоўка да выбараў, у нас няважна, хто чым займаецца. У нас пераважная колькасць супрацоўнікаў займаецца выбарамі. Можна нават сказаць не пераважная, а ўсе», – кажа былы супрацоўнік КДБ Андрэй Молчан.

Што ж рабіць, калі на вас пачынаюць ціснуць? Адзіным адказам на спробы вярбоўкі можа быць адкрытае прызнанне.

«Калі вас спрабавалі вербаваць, то лепш кажыце пра гэта публічна. У гэтым няма нічога заганнага. Інакш яны знойдуць шляхі ўздзейнічаць на вас», – дадае Яўген Меркіс.

Яшчэ адзін важны момант – страх. Каб не трапіць на гачок КДБ, важна не баяцца адстойваць свае правы. Бо ніякі закон не можа змусіць чалавека да супрацы са спецслужбамі, якія самі, як відаць з прызнанняў, парушаюць Канстытуцыю.

Вітаўт Сіўчык

Глядзі таксама
Каментары