У камісіі па падліку галасоў дапусцілі выключна чальцоў праўладных арганізацыяў


Завяршыўся чарговы этап выбарчай кампаніі: фармаванне ўчастковых камісіяў. Чальцы гэтых камісіяў будуць падлічваць галасы. Прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у склад камісіяў не зацвердзілі.

Вольга Кавалькова з БХД назірала за фармаваннем камісіяў беспасярэдне як патэнцыйная кандыдатка ў дэпутаты:

«Не ўвайшоў ніводзін чалавек, ніводзін. Бо чальцы камісіі бяруць спіс і глядзяць – калі ад праўладнай арганізацыі – усе падымаюць рукі, калі ад дэмакратычнай – ніхто не падымае».

Не ўвайшоў у склад камісіяў і ніводзін з сотні прадстаўнікоў руху «За Свабоду». Між тым, участковыя камісіі – адзін з самых важных і адказных складнікаў выбараў, кажа Юрась Губарэвіч, старшыня руху «За Свабоду»:

«Улада не хоча мець сведкаў тых злачынных дзеянняў, якія адбываюцца на ўчастках для галасавання. Як і падчас галасавання, гэтак і падчас падліку галасоў».

Палітыкі нагадваюць, што міжнародная супольнасць не прызнае беларускіх выбараў свабоднымі і справядлівымі. А ці ёсць цікавасць да выбараў у звычайных беларусаў?

«Не вельмі што змяняецца ў нас, асабліва што датычыць медыцыны, таму і цікавасць знікае, і ўсё».

«Я не цікаўлюся ні палітыкаю, ні выбарамі. Што яны там прымаюць, якія законы – іншы раз і карысныя, а іншы раз… Лепш бы не заміналі жыць«.

«Амаль што не. Я веру ў тое, што практычна нічога не зменіцца», – кажуць жыхары Менску.

Паводле экспертаў кампаніі «Праваабаронцы за справядлівыя выбары», вынікі папярэдняга фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісіяў – узор таго, як будуць сфармаваныя і ўчастковыя камісіі.

Валянцін Стэфановіч, кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

«Ну вось наглядна: ад пяці праўладных грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў – маецца на ўвазе «Белая Русь», БРСМ, «Саюз жанчын», «Саюз ветэранаў» і прафсаюзы складу ФПБ 92,8 % вылучаных увайшлі ў склад камісіяў – набліжаецца да 100 адсоткаў. Калі параўнаем з грамадскімі аб’яднаннямі апазіцыйнымі, як рух «За Свабоду», «Гавары праўду», якія зарэгістраваныя і мелі магчымасць вылучаць сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі, – нуль, нікога не ўключылі».

Цяпер праваабаронцы рыхтуюць прамежкавую справаздачу пра хаду кампаніі.

Галіна Абакунчык belsat.eu