У Грузіі рыхтуюцца да бестэрміновай акцыі пратэсту апазіцыі


У Грузіі ў сувязі з расследаваннем справы аб масавых закалотах падчас нядзельнай інаўгурацыі новай прэзідэнткі затрыманы адзін з лідараў апазіцыі Давід Кір-Кітадзэ. Нягледзячы на тое, што міжнародныя назіральнікі прызналі выбары дэмакратычнымі, апазіцыя вінаваціць урад у фальсіфікацыях.

Калі чытаць некаторыя расейскія медыі, ствараецца ўражанне, што пасля інаўгурацыі новай грузінскай прэзідэнткі ў Тбілісі на плошчы перад парламентам пачаліся пратэсты апазіцыі. Па факце тут стаіць толькі восем пустых намётаў з налепкамі «Стоп Іванішвілі», «Стоп Зурабішвілі» і 5–7 асобаў, якія нясуць мірную вахту.

Іншыя два вялікія намёты са сцягамі ЗША і Еўразвязу стаяць перад парламентам ужо 4-ты месяц і не маюць дачынення да паслявыбарчых разбораў уладаў і апазіцыі. Нешматлікія прыхільнікі Грыгола Вашадзэ, якія стаяць непадалёк, вінавацяць улады ў фальсіфікацыях падчас выбараў. Удзельнікі пратэсту:

«Я на свае вочы не бачыў, але тое, што па тэлевізары перадавалі, гэта няшчыра, так выбары не робяцца».

«Яны набралі нелегальныя галасы, вось што я вам скажу».

Большасць вулічных мінакоў не звяртае ўвагі на 8 новых намётаў, якія апазіцыя ўсталявала перад парламентам уначы. Жыхары Тбілісі:

«Парушэнняў не было, выбары адбыліся паводле закону. Мы выбралі прэзідэнта, шмат галасоў пайшло і за Вашадзэ, але выбралі мы Зурабішвілі».

«Выбары былі справядлівымі».

«Пратэсты бываюць паўсюдна, і ў вас, і ў нас, і ў нават ЗША».

«Гэта палітычная дэмакратыя, у любой краіне можа такое адбыцца».

У 2020 годзе ў Грузіі адбудуцца парламенцкія выбары. І нягледзячы на ўпэўненую перамогу Салёмэ Зурабішвілі, якую падтрымлівае кіроўная партыя «Грузінская мара», наступныя 2 гады будуць складанымі для гэтае палітычнае структуры.

«Упершыню ў Грузіі народ не галасаваў ні за кога. Народ не галасаваў за «Грузінскую мару», за Зарубішвілі. Ён галасаваў пераважна супраць Адзінага нацыянальнага руху. А ў першым туры народ галасаваў супраць усталяванага парадку», – тлумачыць Гія Жаржаліяні, кіраўнік фракцыі «Грузінская мара – сацыял-дэмакраты».

Сёння ў Тбілісі спакойна, але апазіцыя з Адзінага нацыянальнага руху абяцае, што заўтра ў Грузінскай сталіцы пачнецца бестэрміновая акцыя пратэсту.

Ігар Кулей, Дзяніс Дзюба, з Тбілісі для belsat.eu