У Гомлі затрымалі няпоўнагадовую дзяўчыну, якая распаўсюджвала рэкламу наркотыкаў па 3 рублі за кожную


Паміж размяшчэннем рэкламы наркотыкаў і яе замалёўваннем – лёсы людзей, якія прайшлі па спасылцы і зрабіліся рэкламнікамі, распаўсюднікамі ці спажыўцамі наркотыкаў. Для кожнага з іх у законе – свой тэрмін. У Гомлі злавілі чарговую няпоўнагадовую дзяўчыну, якая распаўсюджвала рэкламу наркотыкаў – па 3 рублі за кожную.

«Агулам справа капеечная – узяць грам фарбы і запэцкаць графіці за 5 хвілін, каб менш людзей гэта бачылі і пра гэта ведалі. Лепш на плоце будзе плямка, чым пуцёўка ў наркаманы», – кажа былы наркаман Андрэй Корпс, які ў роднай Воршы замалёўвае спасылкі на інтэрнэт-крамы, якія гандлююць эйфарыяй.

Наркотыкі ён ужываў сам, таму ведае, як цяжка ўцячы з гэтай пасткі:

«Першы раз, калі я ўкалоўся, мне не спадабалася, я працягваў паліць марыхуану яшчэ каля трох гадоў. Ужо і з войска вярнуўся, і толькі потым раскаштаваў опій – і на гэтым усё… Я вельмі хутка дайшоў да ручкі і мяне пасадзілі праз год-паўтара».

Потым садзілі зноў… Сёння ж працаўнікі аршанскага наркакантролю ведаюць, што Андрэй замалёўвае наркаграфіці. Ловяць – тых, хто тэкст наносіць. УУС Гомаблвыканкаму злавіла «трафарэтніцу» і запісала яе словы на відэа:

«Месцы нанясення надпісаў ты сама выбірала, ці табе прысылалі? – Мне прыслалі тэкст. Трафарэт удома выразала. Надпісаў зрабіла 5, за кожны абяцалі 3 рублі».

Па справе 15-гадовая дзяўчына пойдзе як «удзельніца інтэрнэт-крамы» – вынікае з тэксту пад навіною пра пайманне. Але найперш ацэняць нанесеную шкоду.

«Трафарэтніку» пагражае:

  • штраф да BR 1275 (5 базавых)
  • абмежаванне волі да 2 гадоў
  • пазбаўленне волі на 5-25 гадоў

«Усе прызнанні аператыўнікі бяруць на вось гэтым першым этапе, нават у няпоўнагадовых. Не даюць адвакатаў, сустрэчу з бацькамі. Яны бяруць тлумачэнні», – Наталля Шарыпа, маці асуджанага на 14 гадоў.

Чыстасардэчнае прызнанне змякчае віну, але вакол яго шмат дробязяў, якія могуць «выпадковую» асобу давесці да часткі чацвёртай артыкулу 328 Крымінальнага Кодэксу… Гэта ад 10 да 25 гадоў зняволення. У большай ступені гэта пагражае распаўсюднікам. Сёння ж ГУУС Менскага гарвыканкаму рапартавала пра пайманне раней не судзімага 18-гадовага маладзёна з 36-цю грамамі псіхатропу альфа-PVP і 47-мю грамамі спайсу.

Затрымалі 6 дзён таму, а сёння паведамілі – што маладзён меўся рабіць да 30 закладак на дзень і за кожную атрымліваў тры долары ЗША ў пераліку на біткоіны. Калі міліцыя гэта ведае, значыць – і гэты хлапчук адразу пачаў гаварыць. Затрыманы мае права на маўчанне – паводле арт.27 Канстытуцыі Беларусі:

«Нікога нельга прымушаць да паказанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе. Доказы, атрыманыя з парушэннем закону, не маюць юрыдычнай сілы».

На справе – такія доказы суд выкарыстоўвае. Распаўсюднікаў знявольваюць у сярэднім на 8-14 гадоў.

Разам з аб’яднанымі ў рух «Маці-328» жанчынамі Наталля Шарыпа змагаецца за змякчэнне адказнасці для такіх «пешак» у ланцугу наркагандлю. Чарговы зварот матулі накіравалі ў пяць уплывовых ведамстваў – да выканаўчай улады, судовай і праваахоўнай. Просяць не выкарыстоўваць лёсы дзяцей дзеля прасоўвання па кар’ернай лесвіцы.

«Такое нават складаецца адчуванне, што кожная крама ўжо на кантролі ў органаў па наркакантролі. Ці яны нейкім чынам цесна супрацоўнічаюць, ці нейкая змова ў іх ёсць. Не ведаю дакладна што, але дзеці трапляюцца праз тыдзень-два», – кажа Наталля Шарыпа.

Дылеры ўсцяж застаюцца на волі, а крамаў робіцца толькі больш. Былы наркаман і зняволены Андрэй Корпс уздыхае:

«Турма не лечыць ані на кроплю. Ну так, сядзіш і думаеш – які ж я дурань, за што я сяджу? А вызваляешся, брама хлопнула за плячыма – і ўсё. Я ў першы дзень пасля вызвалення нават дамоў да бацькоў не трапіў. Нажраўся, напаліўся і ўсё».

Бо з кім павядзешся… Пакаранне адбываюць найчасцей сярод асуджаных паводле таго ж артыкулу.

Юлія Цяльпук, belsat.eu