У Гомлі ўспаміналі Жызнеўскіх


40 дзён таму ў лепшы свет пайшла Ніна Жызнеўская, маці героя Украіны Міхася Жызнеўскага. Літаральна на месяц яе смерці папярэднічаў сыход мужа – Міхаіла. Бацькі, што доўгія гады дабіваліся ўшанавання памяці свайго сына, не вытрымалі цяжкіх выпрабаванняў. Вечар памяці ўсёй сям’і Жызнеўскіх адбыўся ў грамадска-палітычным цэнтры ў Гомлі.

Вечарыну памяці сям’і беларуса, які загінуў за Украіну, зладзіў кіраўнік Гомельскага грамадска-палітычнага цэнтру Уладзімір Кацора.

Маці Міхася Жызнеўскага спадарыня Ніна памерла 4-га траўня, менш як праз месяц пасля таго, як пахавалі ейнага мужа, 73-охгадовага Міхаіла Жызнеўскага. Бацькі пахаваныя побач з сынам у вёсцы Сцяг Працы каля Гомля.

«Мы былі цесна звязаныя з сямʼёю Жызнеўскіх і мы не маглі застацца ўбаку ад тых трагічных падзеяў, якія былі ў гэтай сямʼі», – кажа Уладзімір Кацора.

«Вельмі перажывалі за лёс Беларусі за дэмакратызацыю. І гэта не пустыя словы. Жызнеўскія – гэта байцы, пасіянарыі, якіх, на жаль, не так шмат у нашым грамадстве», – кажа старшыня гомельскага адзялення БАЖ Мікола Бянько.

Міхась Жызнеўскі стаўся адною з першых ахвяраў сутыкненняў удзельнікаў Еўрамайдану з міліцыяй падчас Рэвалюцыі годнасці ва Украіне. Раніцаю 22-га студзеня 2014-га года, калі «Беркут» пайшоў у наступ на вуліцы Грушэўскага, першым загінуў украінскі грамадзянін армянскага паходжання Сяргей Нігаян, другім – 25-цігадовы беларус Міхась Жызнеўскі.

«Міхась, з аднаго боку, просты хлопец, а з другога – гераічны чалавек. Ён пайшоў абараняць тую краіну, дзе ён на той час жыў. Ці кожны з беларусаў выйдзе і будзе абараняць, ці кожны будзе міратворцам, каб не стралялі ў людзей – прасіць, размаўляць з вайсковымі», – кажа бард Вальжына Цярэшчанка.

«Такія людзі ў гісторыі не прападаюць. Паглядзіце – пачала адраджацца гісторыя, і раптам аказалася, што мы маем такіх герояў, такія падзеі знакавыя ў гісторыі – мы народ, мы краіна, у нас ёсць усё», – кажа журналістка Марыя Шыманоўская.

У Кіеве Міхаілу Жызнеўскаму ўсталявалі помнік, прэзідэнт Украіны пасмяротна ўзнагародзіў беларуса ордэнам Героя Нябеснай сотні, а Кабінет міністраў Украіны прызначыў Ніне і Міхаілу Жызнеўскім пажыццёвую стыпендыю.

У Беларусі ж помнік на магіле Міхася Жызнеўскага, усталяваны ў 2015-ым на сродкі з усяго свету, апаганьвалі надпісамі, раскідвалі вянкі і рвалі стужкі.