У Гомлі спрабуюць вярнуць дзяцей у двары


Лета наперадзе, і як яго прабавяць нашыя дзеці: перад экранам камп’ютара, у тэлефоне ці ў двары з сябрамі? Грамадскія аб’яднанні «ВелаГомель» і Савет бацькаў гораду Гомля ў межах праектаў «ВелаСямʼя» і Рух дваровых гульняў ужо другі год спрабуюць нагадаць дзецям, што гульні бываюць не толькі кампʼютарныя. Разбіралася Ірына Дарафейчук.

Класікі і фрысбі, гумкі і выбівала: не кожнае цяперашняе дзіця ведае правілы гэтых гульняў. Вярнуць дзецям гульні і вярнуць дзяцей у двары – такую мэту паставілі перад сабой арганізатары Другога сямейнага фестывалю дваровых гульняў, што адбыўся сёння ў Гомлі.

«Сумесна з Саветам бацькаў мы ўжо другі год ладзім гэты фестываль. Летам ён сабраў вялікую колькасць удзельнікаў, мы вырашылі зрабіць яго традыцыйным, я думаю, з кожным годам будзем нарошчваць абароты», – кажа арганізатарка фестывалю Юлія Капічэнка з праекту «Веласям’я».

Дваровыя забавы на любы густ на некалькіх пляцоўках, дасведчаныя мадэратары, шматлікія конкурсы і смайлікі на адмысловым бланку для кожнага ўдзельніка фестывалю.

«За тое, што я кідала талеркі, мне вось сіненькі паставілі», – адзначае ўдзельніца фестывалю Алена.

Не меншае задавальненне атрымалі і дарослыя, што наведалі фестываль.

Hавiны
Гульнявы разлад афіцыйна прызналі хваробаю
2019.05.26 18:59

«Мы прыйшлі ўсёй сямʼёй, тут вельмі цікава, вельмі здорава правесці пару гадзінаў вольнага часу на сонцы, у добрай атмасферы, пагуляць у гульні, у якія гуляла ў дзяцінстве. Я вучыла гуляць у гумку, у класікі, яны самі не ўмелі: вельмі цікавае баўленне часу для ўсёй сямʼі», – гаворыць удзельніца фестывалю Наталля.

Дваровыя гульні арганізатары лічаць добрай альтэрнатываю баўленню часу перад экранам кампʼютара.

Дзесяцігадовы Мацвей Тарасенка з Гомля, на думку бацькоў, ужо мае лёгкую залежнасць ад кампʼютарных гульняў, бо даволі шмат часу праводзіць за кампʼютарам, дзе пераважна гуляе ці ва ўласным youtube-канале распавядае, як гуляць.

«Урокі – ён сядзіць і думае пра гульні, пра інтэрнэт, пра відэа, што ён там глядзіць, youtube ды іншае, але не пра ўрокі. То бок урокі робіць доўга», – заяўляе бацька Мацвея Сяргей Тарасенка.

Перашкодзіць забавам на вольным паветры можа не толькі кампʼютар, але і адсутнасць у двары раўнагодак ці належнай дзіцячай пляцоўкі.

«Па факце ў нас з пляцоўкі паставілі горку адну і на гэтым скончылася дзіцячая пляцоўка, зрабілі агароджу мінімальную, але цяпер практычна ўсё гэта паркоўкі пад машыны», – кажа Сяргей Тарасенка.

Між тым, на думку арганізатараў фестывалю, дваровыя гульні – гэта не проста баўленне часу.

«Дваровыя гульні развіваюць дзяцей не толькі фізічна, але і інтэлектуальна. Тут выпрацоўваецца воля да перамогі, мэтанакіраванасць, а самае галоўнае – гэта жывыя зносіны, бо дзеці кантактуюць не толькі праз тэлефоны інтэрактыўна, а могуць кантактаваць гуляючы, развівацца, сябраваць, весяліцца. І гэта здорава», – гаворыць Юлія Капічэнка.

Ёсць некалькі рэчаў, якія адцягваюць увагу Мацвея ад кампʼютара: праграма «Калыханка», котка Тыгруля і паездкі з бацькамі на роварах. Бацькі хлопчыка хацелі б, каб да гэтых захапленняў дадаліся і дваровыя гульні.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»