У Глыбокім не стае школы: першакласнікі будуць займацца на калідорах


Навучанне ў дзве змены, а цяпер – і ў калідорах! Месца на атрыманне ведаў не хапае ў горадзе Глыбокае на Віцебшчыне. Найбольш чакаюць будаўніцтва дадатковай школы ў новым мікрараёне, дзе цягам дзесяцігоддзя паўстала каля 20 шматпавярховікаў.

З гульнявых пляцовак у школьныя калідоры неўзабаве перанясецца дзіцячы гоман. Як у Паставах або ў Пружанах – у горадзе Глыбокае жывуць каля 20 тысячаў чалавек, але школаў на адну менш – гімназія і тры агульнага тыпу.

«Школы перапоўненыя, асабліва 2 і 3, другія змены паўсюль, дзецям не заўжды зручна. Таму трэба школа. Вельмі чакаем».

«Дабіраюцца дзеці на другі канец гораду, і з транспартам праблемы, таму вельмі патрэбная школа».

«Другая змена для дзяцей – гэта ніколі здорава не было», – кажуць жыхаркі Глыбокага.

У найбольш перагружанай школе нумар 2 частка першакласнікаў у новым сезоне будзе займацца на калідоры. А дзясятыя-адзінаццатыя класы ў школах укамплектавалі… па 40 вучняў у класе! Былая настаўніца Таццяна Смоткіна распавядае:

«Напрыклад, я раней таксама вучылася ў вялікім класе, нас было 36 чалавек, але намі настаўніца сапраўды займалася, вяла ўрокі як след, таму што ў яе было вельмі мала папераў, а зараз галоўнае гэта паперка, а не вучань».

Былая настаўніца кажа пра вялізны аб’ём справаздачнай працы, якая цяпер ляжыць на настаўніцкіх плячох. Часцяком – гэта справы далёкія ад выкладання і класнага кіраўніцтва:

«Калі нешта здараецца, настаўнікі нават выконваюць ролю міліцыянтаў, пажарных… Яны ходзяць па хатах, правяраюць лядоўні, шафы і гэтак далей. Як кажуць мне знаёмыя настаўнікі, ім на сваіх дзяцей не хапае часу».

У такім рытме задача даць/атрымаць веды, а не толькі атэстат, складаная для абодвух бакоў. Дадатковую школу мясцовыя чыноўнікі абяцалі пабудаваць разам з дзіцячым садком у новым мікрараёне – на вул. Паўночная. Садок паставілі, школу – не. Потым раённая газета ўзгадвала пра будаванне тут у 2020 годзе пачатковай школы. Ці плануецца – пытаемся ў аддзеле адукацыі.

«Пакуль што не. Але ж я не магу вам дакладна сказаць, думаю, што вам лепш патэлефанаваць у аддзел архітэктуры і будаўніцтва», – гаворыць Таццяна Гаўрылава, кіраўніца аддзелу адукацыі, Глыбокае.

Атрымаць адказ у гэтым аддзеле нам не ўдалося. Раней жа, кажучы пра школу, чыноўнікі скардзіліся на недахоп фінансавання. Грошай на тое, каб навучаць, няма, але знайшліся на тое, каб судзіць. Гмах раённага суда напярэдадні ўзвялі цягам дзевяці месяцаў, насупраць гімназіі і школы №3.

Юлія Цяльпук, belsat.eu